У Гомелі прыбралі на магілах рэпрэсаваных святароў



У Гомелі прайшла акцыя па прыборцы магіл рэпрэсаваных святароў. Сябры Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі супольна з актывістамі краязнаўчай арганізацыі „Талака” навялі парадак, а таксама правялі паніхіду каля некалькіх надмагілляў праваслаўных святароў і манахаў. Прадстаўнік Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага праваслаўнага брацтва Андрэй Скідан заўважыў, што на старых Навабеліцкіх могілках пахаваныя царкоўныя дзеячы, якія працягвалі весці набажэнствы нават у часы ганенняў.

—  Напрыклад, схіігумен Макарый тут пахаваны. Ён спаведнік веры, знаходзіўся ў лагерах: адбываў тэрмін у лагерах да вайны. Пасля вайны ён узначальваў патаемную манаскую супольнасць, пастрыгаў людзей у манаства, акармляў сясцёр, і не толькі манахіняў, але і міран. Быў такім духоўным лідарам гомельскіх людзей да самай сваёй  смерці ў 53-м годзе.

Прыборка магіл рэпрэсаваных у гады савецкай улады гомельскіх праваслаўных святароў завяршылася супольнай малітвай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель