У Гомелі прайшлі грамадскія слуханні па праблеме рэформы адукацыі



У рамках ініцыятывы шэрагу палітычных партый і дэмакратычных арганізацый „Народны рэферэндум” у Гомелі прайшлі грамадскія слуханні па праблеме рэформы адукацыі.

IMG_0745

Экспертамі выступілі выкладчык ГДУ імя Скарыны Віктар Адзіночанка і прафесар, экс-прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзімір Дунаеў. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі дэмакратычных партый, арганізацый, студэнты і выпускнікі школ.

Віктар Адзіночанка нездавальняюча ацаніў цяперашнюю сістэму адукацыі, адзначыўшы, што беларуская вышэйшая адукацыя мае дзве мэты: сацыяльную і эканамічную. „Сацыяльная мэта – каб моладзь была чымсьці занятая, дзесьці сядзела і не боўталася па вуліцы. Эканамічная мэта – атрымаць грошы са студэнтаў-платнікаў. Гэтым і абумоўленыя структура і характар навучання”, – лічыць выкладчык.

Ён прывёў дадзеныя цэнтралізаванага тэсціравання ў 2014 годзе ў ГДУ імя Скарыны: каля паловы тых, хто здаваў фізіку і матэматыку, набралі менш за 15 балаў. Узровень ведаў у абітурыентаў з года ў год зніжаецца, заявіў Адзіночанка.

Уладзімір Дунаеў лічыць, што „можам паставіць нездавальняючую ацэнку дзяржаве за адукацыйную палітыку”. „Сістэма так уладкавана, што надзеі на яе самааздараўленне няма”, – заявіў прафесар.

Паводле яго слоў, Беларусь свядома ўхіляецца ад міжнародных даследаванняў якасці адукацыі, напрыклад, не ўваходзіць у сістэму Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў, якая ўключае правядзенне тэстаў з мэтай вывучэння ўзроўню адукаванасці школьнікаў і іх умення прымяняць свае веды на практыцы.