У Гомелі прайшоў экалагічны форум
У Гомелі прайшоў экалагічны форум з удзелам экалагічных актывістаў рэгіёна і рэспублікі. Падчас сустрэчы абаронцы прыроды абмяркоўвалі сітуацыю з навакольным асяроддзем на Гомельшчыне. Удзельнік руху „Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь” Юры Варонежцаў заўважае, што асноўнай праблемай для Гомельская вобласці застаюцца наступствы катастрофы на ЧАЭС.
– Усяго за дваццаць гадоў уведзена назад амаль 17 з паловай гектараў з “бруднай” зямлі. Сказаць, што на гэтай зямлі можна зрабіць чыстую прадукцыю, можа толькі поўны ідыёт. Нарматыўна чыстую прадукцыю – так. А што такое “нарматыўна чыстая прадукцыя”? Гэта – вырошчваеце травы, корміце бычкоў, даеце ім сарбенты, каб яны ачышчаліся. Бо год быка адкармліваюць, калі яго зарэзаць у сярэдзіне гэтага цыклу, то мяса будзе радыяктыўным.
Каардынатар таварыства „Зялёная сетка” Яраслаў Бекіш заявіў, што ў Гомельскай вобласці дзейнічаюць дастаткова заўважныя экалагічныя ініцыятывы.
– У Гарадзенскай і Гомельскай абласцях ёсць актывісты, ёсць працэсы, якія з той ці іншай паспяховасцю рэалізуюцца. У Віцебскай і Магілёўскай абласцях – горш, там вельмі цяжка выбудоўваць дыялог, бо суб’ектаў дыялогу для сумесных дзеянняў вельмі мала. У Гомельскай вобласці ёсць ініцыятывы, таму мы прапанавалі сабрацца разам і пагаварыць.
Арганізатарамі „Зялёнага форума” у Гомелі выступілі таварыства „Зялёная сетка” у партнёрстве з „Гомельскім дэмакратычным форумам”.
Беларускае Радыё Рацыя
