У Гомелі прайшоў пікет у падтрымку незалежных кандыдатаў



У Гомелі прайшоў пікет у падтрымку незалежных кандыдатаў. Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „Гавары праўду” і самастойныя вылучэнцы сабраліся каля гомельскага Універмага, каб сустрэцца з патэнцыйнымі выбаршчыкамі.

Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі з паплечнікамі падрыхтаваліся да акцыі грунтоўна: прынеслі транспаранты, нацыянальныя сцягі і мегафон:

– Чыноўнікі нас лічаць за скатоў, за быдла. Чаму? Таму што заробак у людзей зараз толькі на харчаванне. Тое ж самае мае карова, свіння, бык. На мой погляд, чыноўнікі перакананыя, што задача насельніцтва — забяспечыць ім дабрабыт. Мы павінны, на іх думку, выміраць, працаваць за тры капейкі. Не трэба быць скотам! Мы — народ, мы не скаты!

Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў заўважае, што выбары – ледзь не адзіная магчымасць для беспраблемнай камунікацыі з грамадзянамі:

– Звычайна людзі прыходзяць на пікеты спікераў АГП з тымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца непасрэдна ў сваім жыцці. Людзей хвалюе рост цаны за „камуналку”, адсутнасць дзіцячых пляцовак, паркаў, экалогія і г. д. Гэта паўсядзённыя клопаты людзей, якія іх больш за ўсё турбуюць.

Гомельскія незалежныя кандыдаты сумняюцца ў справядлівасці выбараў. Апазіцыянеры разглядаюць бягучую кампанію як магчымасць данясення альтэрнатыўнай інфармацыі. 

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель