У Гомелі працуе крама з нацыянальнай сімволікай
У Гомелі амаль тры месяцы працуе крама, якая прадае сувеніры з нацыянальным каларытам і сімволікай.
У аксесуары – аўтамабільныя налепкі, вышыванкі і адзенне ад беларускіх вытворцаў. Адкрыць краму “Мроя” ў Гомелі вырашыў рэчыцкі прадпрымальнік Дзяніс Мядзведзеў, які штодня ездзіць у абласны цэнтр на працу. Абслугоўванне кліентаў вядзецца на беларускай мове.
Гандляр:
– Нашая крамнічка зусім яшчэ маленькая пакуль што. Яна існуе ўсяго пару месяцаў. У паўмільённым Гомелі гэта першая крама падобнага кшталту. Я спадзяюся, што існаванне такіх аб’ектаў таксама пасадзейнічае папулярызацыі беларускай культуры і нацыянальных каштоўнасцей.
Час ад часу набыць нейкі сувенір з беларускімі сімваламі ў краме “Мроя” прыходзяць замежныя турысты. Але асноўная частка пакупнікоў – гомельцы. Ірына прыйшла ў краму спецыяльна, каб азнаёміцца з прадукцыяй.
Пакупніца Ірына:
– Лідар групы “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі некалі сказаў: “Цяжка быць беларусам у Гомелі”. Але тут – бац! Такая крама адкрылася менавіта ў нас. Я мяркую, у любым выпадку гэта патрэбна, бо госці, якія прыязджаюць у наш горад, могуць набыць прадукцыю з нацыянальнай сімволікай.
Дзяніс Мядзведзеў заўважае, што сярод беларусаў паступова расце попыт на прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. Аднак, паводле гаспадара крамы, гэты трэнд трэба падтрымліваць. У бліжэйшы час ён намераны надаць больш увагі рэкламе крамы “Мроя” ў сацыяльных сетках.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель