У Гомелі правялі рэканструкцыю вуліцы насуперак жаданню жыхароў



indexУ Гомелі перад выбарамі ўлады запланавалі завяршыць маштабную рэканструкцыю вуліцы Кірава, якая праходзіць праз цэнтр горада. Аднак пашырэнне праезнай часткі, у выніку чаго ўзрасце інтэнсіўнасць транспартнага патоку, можа істотна пагоршыць экалагічную сітуацыю. Жыхары гістарычных будынкаў, размешчаных абапал вуліцы Кірава, абураныя дзеяннямі гарадскіх уладаў, якія не ўлічваюць інтарэсы гамельчукоў:

Нам гэта не падабаецца. І так вуліца шумная, брудная. Зямля на балконе – хоць агарод саджай. Цяпер увогуле балкон трэба мыць два разы ў дзень. Вокны ўвесь час чорныя. І санцапёк. Летам мы згарым! У мяне ўсе вокны выходзяць на Кірава.

– Так нельга было рабіць. Атрымліваецца, што ў нашай кватэры машыны ездзіць будуць. Бо ў нас зусім маленькая адлегласць ад дарогі. А да таго ж вуліца вельмі загружаная, а цяпер гэты паток будзе яшчэ большы. Нам не будзе ні сну, ні адпачынку.

Ляпін Сяргей, архітэктар:

Наколькі я зразумеў, вуліца з двухпалоснага фармату стане чатырохпалоснай і з’явіцца адно кругавое скрыжаванне. Цэнтральная частка вуліцы Кірава – гістарычна мела назву Магілёўская, бо мела кірунак у бок Магілёва – забудавана гістарычнымі будынкамі канца ХІХ-ХХ стст. Ёсць вельмі цікавыя прыклады канструктывізму, цаглянага стылю. Але ў выніку там застаюцца ходнікі па 3 метры. І гэты пейзаж стане больш урбаністычны, тэхнагенны.

Тыя ж жыхары Гомеля:

– Сітуацыя з дрэвамі – гэта ж зусім катастрофа. Мы спрабавалі змагацца. Але яны адразу прывезлі тэхніку і вырубілі ў першы дзень усе дрэвы. Як толькі яны даведаліся пра рэканструкцыю – тут жа павалілі ўсе дрэвы.

– Тым больш, гэта былі выхадныя дні, калі нікога не было, калі людзі раз’язджаюцца хто куды…

Працягвае Ляпін Сяргей, архітэктар:

Безумоўна, цэнтр горада сёння загружаны. Тое, што робіць гарвыканкам разам з праектантамі і ДАІ-шнікамі, – гэта спроба вырашыць праблему бясконцымі пашырэннямі дарог. Але, як паказвае сучасная сусветная практыка, пашыраць дарогі ў цэнтры горада бесперспектыўна. Наадварот, усе сучасныя гарады імкнуцца пазбегнуць прытоку аўтатранспарту ў цэнтры горада рознымі шляхамі: увядзеннем платных парковак, падвышэннем коштаў на парковачныя месцы, робяць платны ўезд у цэнтр горада.

Гамельчукі:

Раней, як былі дрэвы, хоць свежае паветра было. А цяпер усе мы будзем дыхаць гэтым брудам. Да таго ж уся копаць адкладваецца на балконах, на якія ўжо немагчыма выйсці. Гэта катастрофа, проста катастрофа… І з кім ваяваць, куды бегчы – незразумела. Бо яны ўжо зрабілі сваю чорную справу.

Архітэктар:

– Гэта ніяк не спрыяе экалагічнай абстаноўцы ў цэнтры горада. Але, акрамя экалогіі, ёсць такія фактары, як бяспека руху, эстэтыка цэнтральнай часткі горада. Плюс, безумоўна, вельмі важнае пытанне – стварэнне безбар’ернага асяроддзя. А шырокія дарогі, кругавыя развязкі з ліквідаванымі “зебрамі” вельмі моцна пагаршаюць рух іншым.

Кажуць гамельчукі:

– Яны рабілі каналізацыйныя люкі. Гэта было месяцы два таму. Была зроблена вялікая праца. А цяпер яны нанова ўсё пачынаюць рабіць. Прабачце, а за якія гэта грошы?

Ляпін Сяргей:

– Улады хочуць задаволіць групу аўтамабілістаў, а гэта тое самае, як задаволіць людзей дармовым півам. Попыт на гэта будзе заўсёды. Людзі заўсёды будуць прыязджаць у цэнтр, пакідаць тут машыны. І хутка шырыні дарогаў і парковачных месцаў зноў будзе не хапаць.

Завяршэнне рэканструкцыі праезнай часткі вуліцы Кірава ў Гомелі запланаванае на 10 кастрычніка. На пашырэнне дарогі і стварэнне двух колавых скрыжыванняў было выдаткавана каля 40 мільярдаў беларускіх рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gp.by