У Гомелі прэзентавалі кнігу пра аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстання
У Гомелі прэзентавалі кнігу пра дзеяча антысталінскага руху, аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстання, Рыгора Клімовіча. Над выданнем дзвюх частак біяграфічнага нарыса працаваў старшыня Гомельскай абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Бароўскі. Аўтар зазначае, што праца з архівам Клімовіча надта яго ўразіла.
— Я начамі не мог спаць, бо я чуў крыкі тых жанчын, крыкі мужчын, як расстрэльвалі паўстанцаў з аўтаматам НКВД-ысты і ахоўнікі, якія мелі пры сабе камсамольскія і партыйныя білеты.
Юрый Клімовіч, сын героя кнігі, гаворыць, што ягоны бацька амаль усё жыццё быў пад наглядам спецслужб:
— Крымінальныя справы на майго бацьку па-за доступам. І нават тыя першыя крымінальныя, па якіх яго пасадзілі. Бацька так і не дабіўся да іх доступу. Яму не далі. А тое, што яго рэабілітавалі ў дзевяноста чацвёртым годзе, гэта хутчэй намаганнямі дырэктара музея Нарыльскага паўстання. Там была такая жанчына, Макарава, якая асабіста ўсё «рвала і кідала».
Кніга «Рыгор Клімовіч – паўстанец духу» – гэта працяг выдавецкай грамадскай ініцыятывы Уладзіміра Кацоры. Раней пры падтрымцы Гомельскага грамадска-палітычнага цэнтра друкаваліся творы Андрэя Мельнікава, Ларысы Раманавай, Таісы Мельчанкі, Вадзіма Болбаса і іншых літаратараў Гомельскага рэгіёна.
Беларускае Радыё Рацыя