У Гомелі прэзентавалі сайт пра драўляную архітэктуру
У Гомелі прэзентавалі сайт пра драўляную архітэктуру drewa.by. Многіх з зафіксаваных на рэсурсе ўнікальных дамоў ужо не існуе. Іх зруйнавалі мясцовыя ўлады. А на іхнім месцы паўсталі шматпавярховікі. Адна са стваральніц сайта Марыя Булавінская гаворыць, што ідэя падобнага рэсурсу з’явілася даўно.
— Ідэя нарадзілася, бо ў Гомелі склалася такая сітуацыя, што драўляныя будынкі імкліва зносяць. Паўплываць на гэтую сітуацыю вельмі складана, але ёсць людзі, якія захоўваюць каштоўныя элементы: ліштвы, аканіцы і іншы драўляны дэкор. Таксама быў разабраны і перанесены на іншую тэрыторыю дом №17 на вуліцы Валатоўскай. Мы мяркуем, што ў будучыні будуць магчымасці для аднаўлення гэтых дамоў і таму мы вырашылі стварыць такое інтэрнэт-сховішча, архіў.
Наведніца прэзентацыі, фатограф Марына Драбышэўская, адзначае, што раней такога кшталту сайтаў не было.
— Не было дагэтуль аніводнага такога месца, дзе кожны ахвотны мог паглядзець, чым ён можа ганарыцца, што ён можа паказваць, што засталося ў ягоным горадзе, што было каштоўнага. На гэтым сайце таксама, кожны ахвотны можа дадаць свой дом, або дом, які быў у ягонага дзядулі. Гэта распаўсюджваецца не толькі на Гомельшчыну, што вельмі файна, але і на бліжэйшае замежжа ад нас.
Стваральнікі сайта Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін падкрэсліваюць, што на сайце можна дадаваць прыклады драўлянай архітэктуры не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі. Праект рэалізоўваецца ў партнёрстве з грамадзянскай кампаніяй “Будзьма” і Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання СІМПА.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель