У Гомелі пройдзе акустычны канцэрт Лявона Вольскага



Музыка прыедзе ў горад над Сожам на запрашэнне мясцовых дэмакратычных актывістаў. Адзін з арганізатараў сустрэчы Уладзімір Кацора зазначае, што выступ папулярнага ў Беларусі выканаўцы паставіць фінальную кропку ў кампаніі пад назвай выбары.

— Дзякуй Богу, завяршаюцца так званыя «выбары» у так званы «беларускі парламент», і гэта таксама нагода, каб падвесці вынікі гэтай кампаніі дэмакратычным сілам. Улада хацела б свята 11 верасня, а мы зробім свята дзясятага, у суботу. На жаль, не атрымалася так, каб Лявон Вольскі прыехаў восьмага, бо гэта Дзень вайсковай славы, але само сабой, што і дзясятага мы ўзгадаем гэтае слаўнае свята: перамогу беларусаў у Аршанскай бітве.

Канцэрт Лявона Вольскага ў Гомелі адбудзецца 10 верасня а 17 гадзіне ў летнім амфітэатры грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палеская, 52. Уваход вольны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель