У Гомелі просяць павялічыць колькасць беларускамоўных дзён у садках
Гомельская філія Таварыства беларускай мовы збіраецца накіраваць ліст у Міністэрства адукацыі. У ім жыхары абласнога цэнтра просяць павялічыць колькасць беларускамоўных дзён у садках.
Старшыня Гомельскай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч гаворыць, што пакуль у дзіцячых садках толькі адзін дзень беларускамоўны:
– Аддзел адукацыі кажа, што кожнае дзіця ў Гомелі ў чацвер прыходзіць з вывучаным вершам па беларускай мове. Заклікаю бацькоў праверыць, ці сапраўды гэта так, ці з’яўляецца чацвер беларускамоўным днём. Але мы хочам, каб было напалову, каб былі беларускамоўнымі панядзелак, аўторак і палова чацвярга. Каб у нас была роўнасць моваў. Такая прапанова. Прапанова адкрыць па групе ў кожным садку, канешне, у кожным раёне. Але мы будзем патрабаваць максімум.
Ліст у Міністэрства адукацыі склалі ўдзельнікі бацькоўскага сходу, прысвечанага беларускамоўнай адукацыі.
Зараз Гомельская філія Таварыства беларускай мовы падлічвае тых, хто хоча вучыць дзяцей на роднай мове. Такім чынам арганізацыя спадзяецца скаардынаваць дзеянні людзей, якія хацелі б аддаць сваіх дзяцей ў беларускамоўны клас ці групу ў садку. Старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч гаворыць, што на дадзены момант у іхняй чарзе 8 сямей:
– Калі ў гэтай чарзе будзе 50 чалавек, мы прыйдзем у аддзел адукацыі і пакажам. Таму што яны запытваюць: а дзе гэтыя ўсе людзі? Мы прадстаўляем арганізацыю за якой стаяць людзі, але трэба канкрэтныя сем’і, якія хочуць беларускамоўную адукацыю. Зараз вось мы працягваем пашыраць інфармацыю, што далучайцеся да нас, каб вы былі бачнымі, каб мы вас прэзентавалі ў тым жа аддзеле адукацыі.
У паўмільённым Гомелі ўсяго 105 чалавек навучаецца па-беларуску. Гэта дзве групы ў дзіцячых садках і тры класы ў школе.
Беларускае Радыё Рацыя