У Гомелі распавялі, як стварыць сацпраект
У Гомелі прайшоў майстар-клас па рэалізацыі паспяховых сацыяльных праектаў без пачатковага капіталу. У антыкавярні „Флэт” сабраліся каля трох дзясяткаў грамадскіх актывістаў і неабыякавых гараджанаў, якія маюць ідэі да змянення свайго горада, але не ведаюць, з чаго пачаць.
Заснавальнік інтэрнэт-платформы Talaka.by Яўген Клішэвіч распавёў пра глыбокія традыцыі грамадскага актывізму ў Беларусі:
– Талака – гэта такое старажытнае беларускае слова, якое абазначае супольную працу па вырашэнні нейкіх супольных праблем і задач. Амерыканцы думаюць, што гэта яны прыдумалі краўдсорсінг, калі вялікая задача дзеліцца на маленькія часткі, кожны робіць нешта, і атрымліваецца нешта вялікае. Па факце беларусы ўжо стагоддзямі выкарыстоўваюць гэты прынцып.
Удзельнікі сустрэчы наракалі на бюракратычныя складанасці ў працэсе правядзення святаў і пасіўнасць жыхароў горада:
– У Гомелі я яшчэ не спрабаваў яшчэ нічога арганізоўваць, я толькі дапамагаў некалькім арганізацыям – такім, як БРСМ. Мяне не ўразіла гэта арганізацыя, калі ты ў іх просіш адно, а ў выніку атрымліваеш зусім іншае, увесь час нейкія праблемы.
– Нам не хапае дазволу ад уладаў, нам не хапае ініцыятывы саміх людзей, не хапае саміх людзей. Ты пачынаеш нешта рабіць, цябе адразу прысякае міліцыя і кажа дапабачэння.
Talaka.by – інтэрнэт-пляцоўка, дзякуючы якой рэалізуюцца разнастайныя сацыяльныя ідэі. Найбольш паспяховы праект пляцоўкі Talaka.by – агучка на беларускую мову мультфільма „Свінка Пэпа”, для чаго было сабрана ахвяраванняў у памеры 61 мільён беларускіх рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель