У Гомелі развіталіся з Аляксандрам Віхорам (абноўлена)
1500 чалавек прыйшло, каб праводзіць у апошні шлях Аляксандра Віхора.
У людзей на вачах слёзы, нават у тых, хто асабіста не ведаў загінулага.
Жанчына, якая прыйшла на пахаванне: „Я не ведала асабіста Аляксандра, але ў мяне сын такога ж узросту. Мне шкада моладзь, якая выйшла на мірныя акцыі”.
Хлопцы на пахаванні гавораць, што Аляксандр Віхор – герой.
На пахаванне прыйшоў сведка Сяргей Шоман, які быў разам з загінулым у канвойным аўтамабілі. „Ён сябе кепска адчуваў, пацеў, зваў маму і тату. Мы прасілі, каб яму аказалі дапамогу, але нічога не было. Потым мы выйшлі ў СІЗА, а ён застаўся ў машыне”.
Людзі, якія прыйшлі на пахаванне, хочуць ведаць праўду.
Жанчына плача: „Мы не хочам, каб нашыя дзеці гінулі”.
Калона ў 1500 чалавек ідзе на могілкі, каб праводзіць у апошні шлях Аляксандра Віхора.
Аляксандра Віхора затрымалі 9 жніўня ўвечары каля плошчы Леніна ў Гомелі. Яго завезлі ў гомельскі штрафны ізалятар, паколькі месцаў у ізалятары часовага ўтрымання ўжо не было.
Маці трое сутак шукала сына, але нідзе ёй не давалі інфармацыі. Толькі 12 жніўня ёй ў Чыгуначным РАУС паведамілі, што сын нежывы.
Высветлілася, што ў маладога чалавека было хворае сэрца, ён многа разоў прасіў медыцынскай дапамогі, але сілавікі не рэагавалі, а пасля завезлі ў псіхіятрычны шпіталь. Адтуль Аляксандра перавезлі ў рэанімацыю сухотнага шпіталя, дзе ён і памёр.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель