У Гомелі сабралі 700 подпісаў за ўшанаванне памяці ахвяр рэпрэсій
У Гомелі ў межах грамадскай кампаніі «Забітыя і забытыя» (дзеля ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій) скончыўся збор подпісаў пад петыцыяй з прапановай правесці археалагічныя раскопкі на месцах масавых пахаванняў у Шчакатоўскім і Бутулінскім лесе (на выездзе з Гомля, справа і злева ад Чарнігаўскай шашы) і ўсталяваць мемарыял у памяць аб знішчаных людзях.
700 подпісаў былі сабраны праз сайт petitions.by і ў папяровым варыянце і накіраваны ў Гомельскі аблвыканкам, гарвыканкам, пракуратуру Гомельскай вобласці, Следчы камітэт і КДБ.
«З агульнай практыкі ўжо вядома, што КДБ і ўлады ў адказ на такія звароты кажуць, што ім невядомы месцы масавых пахванняў ахвяр сталінскага тэрору 1937-1938 гг., — каментуе каардынатарка кампаніі «Забітыя і забытыя» Ларыса Шчыракова. — Але ж мы ў Гомелі маем вынікі раскопак 1995 года, якія былі праведзены археолагамі па ініцыятыве пракуратуры горада. Тады былі раскапаны тры расстрэльныя яміны, дзе знаходзіліся парэшткі 150 чалавек з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Усе знаходкі археолагі датавалі канцом 30-х гадоў. Бясспрэчна, што гэта месца ў Шчакатоўскім лесе — адно з месцаў масавага знішчэння людзей. Мы настойваем, каб яму быў нададзены ахоўны статус і там былі ўсталяваны памятныя знакі альбо мемарыял».
Як варыянт актывісты разглядаюць таксама магчымасць усталявання ў Гомелі памятных знакаў, помніка, мемарыяла рэпрэсаваным без прывязкі да месцаў знішчэння.
«Для ўшанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій патрэбна толькі добрая воля гарадскіх чыноўнікаў, — кажа ўдзельнік кампаніі, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Віктар Адзіночанка. — Калі ўлады не пагодзяцца ўшанаваць месцы пахаванняў ахвяраў тэрору, мы будзем прасіць аб выдзяленні месца пад манумент, а грошы можна будзе паспрабаваць сабраць праз ахвяраванні. На ім можна напісаць нават і канкрэтныя прозвішчы людзей, прынамсі тых, якія пазначаны ў афіцыйным выданні кнізе “Памяць” як “расстраляныя ў Гомелі”».
Грамадская кампанія «Забітыя і забытыя» ўзнікла ў Гомелі напрыканцы мінулага году. Актывісты кампаніі займаюцца зборам інфармацыі з навуковых, газетных публікацый і ад сваякоў рэпрэсаваных.
Напрыканцы студзеня бягучага году гомельская грамадская кампанія далучылася да агульнабеларускай кампаніі па ушанаванні ахвяраў камуністычных рэпрэсій «Забітыя, але не забытыя».