У Гомелі ствараюцца спецыяльныя камісіі для пошуку „дармаедаў”
У Савецкім раёне абласнога цэнтра камісіі ў складзе супрацоўнікаў домаўпраўлення, сацыяльных педагогаў і міліцыянтаў наведваюць некаторыя шматпавярховікі і інтэрнаты, каб выяўляць беспрацоўных грамадзянаў. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алесь Яўсеенка лічыць дзейнасць такіх камісіяў незаконнай.
– Людзі мусяць запытаць, на падставе якога дакумента яны патрабуюць увайсці да вас. А такога дакумента няма. Калі гэта будзе дакумент Міністэрства адукацыі ці Гомельскага або Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, то гэта іх ведамасны дакумент, які тычыцца менавіта іх супрацоўнікаў, а не мяне, грамадзяніна, які там не працуе. Дакументы, якія дазваляюць уваход у жытло, – гэта або санкцыя пракурора, або ў адпаведнасці з законам аб аператыўна-вышуковай дзейнасці.
Гомельскі гарадскі аддзел адукацыі некалькімі тыднямі раней таксама адзначыўся на глебе змагання з дармаедамі. Ва ўстановы адукацыі горада былі разасланыя цыркуляры, у якіх распісваліся катэгорыі асацыяльных элементаў. Ад настаўнікаў патрабавалася сабраць звесткі на бацькоў, якія часова не працуюць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота amazingwoman.ru