У Гомелі судзяць былога міліцыянера



У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 4 верасня праходзіць слуханне крымінальнай справы ў дачыненні да былога супрацоўніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Цэнтральнага РАУС.

Крымінальныя справы ў дачыненні да яго былі распачатыя ў снежні 2018 года і лютым 2019-га. У канцы верасня 2018 года супрацоўнік звольніўся з органаў, але інкрымінаваныя яму злачынствы былі здзейсненыя падчас службы ў міліцыі.

Абвінавачанне лічыць, што віна былога міліцыянера паводле артыкулаў аб хуліганстве, перавышэнні ўлады, бяздзейнасці службовай асобы і знішчэнні дакументаў (артыкулы 339, 426, 425 і 377 КК) даказаная ў поўным аб’ёме, і просіць прыгаварыць яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Хуліганства, згодна з версіяй следства, заключалася ў тым, што міліцыянер пасварыўся з таксістам і ўдарыў яго. Бяздзейнасць службовай асобы ставіцца ў віну яму за тое, што ён не прыняў рашэнне па праверцы, дакументы якой захоўваў дома. Яшчэ адзін эпізод абвінавачання — міліцыянер пры вобыску ў дырэктара прыватнай фірмы выкраў дакумент, за вяртанне якога пасля прасіў узнагароджанне.

Былы міліцыянер цалкам адмаўляе віну. Ён заявіў у спрэчках, што крымінальныя справы ў дачыненні да яго былі распачатыя без падстаў, з парушэннем закона. „Мэтай службовых асоб Следчага камітэта і УУС, паводле папярэдняй змовы, было не даванне прававой ацэнкі апісаных падзей, а прамая ізаляцыя мяне для прадухілення распаўсюджвання фактаў злачыннай дзейнасці некаторых службовых асоб, якія я збіраўся перадаць у КДБ і ААЦ на канфідэнцыйнай аснове”, — заявіў абвінавачаны.

Прысуд, магчыма, будзе вынесены да канца верасня.

Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным судзе, увайшоў у законную сілу прысуд у дачыненні да двух былых супрацоўнікаў міліцыі і былога супрацоўніка Следчага камітэта. Іх абвінавацілі ў фальсіфікацыі доказаў крымінальнай справы (частка 2 артыкула 395 Крымінальнага кодэкса), хабары (частка 2 артыкула 430 КК), перавышэнні ўлады (частка 2 артыкула 426 КК).

Злачынствы былі здзейсненыя падчас працы грамадзян ва УУС і СК. Аднаго з былых супрацоўнікаў міліцыі пазбавілі волі на сем гадоў. Суд таксама прызначыў яму штраф у 10.200 рублёў, канфіскацыю маёмасці, пазбавіў права займаць пасады ў праваахоўных органах і звання „капітан міліцыі”. Яго калега абвінавачваўся ў фальсіфікацыі доказаў і перавышэнні ўлады. Яго пакаралі пазбаўленнем волі на пяць гадоў і штрафам у 10.200 рублёў. Супрацоўніка Следчага камітэта абвінавацілі ў фальсіфікацыі доказаў і перавышэнні ўлады. Ён атрымаў шэсць гадоў пазбаўлення волі і пазбавіўся звання „старшы лейтэнант юстыцыі”.

3 верасня старшыня КДБ Валерый Вакульчык пракаментаваў журналістам заяву Аляксандра Лукашэнкі аб фальсіфікацыі спраў супрацоўнікамі міліцыі. „Мы выяўляем гэтыя прыкметы, перадаем Генеральнай пракуратуры, у Следчы камітэт па кампетэнцыі. Наша задача выявіць, задакументаваць, аддаць туды, а яны ўжо самі расследуюць”, — сказаў Вакульчык.

На пытанне, ці былі выяўленыя супрацьпраўныя дзеянні сілавікоў пасля нарады з Лукашэнкам, кіраўнік КДБ запэўніў: „Вядома, і перад, і пасля. Натуральна, што гэтыя пытанні ёсць”. „Гэтыя праблемы, аб якіх гаварылася, мы бачылі задоўга. Мы ўжо гадоў пяць у сябе ў ведамстве працуем над тым, каб такіх рэчаў не было — перагібаў, несправядлівага стаўлення да людзей. Гэта няпростае пытанне, тым не менш мы гэтым займаемся”, — адзначыў кіраўнік камітэта.

БелаПАН