У Гомелі судзяць мужчыну, які сарваў дзяржаўны сцяг



Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 4 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы, распачатай Следчым камітэтам у дачыненні да 46-гадовага мясцовага прадпрымальніка. Ён абвінавачваецца ў тым, што 1 лістапада 2020 года сарваў з будынка на праспекце Леніна дзяржаўны сцяг і выкінуў яго ў смеццевую скрыню. Там яго знайшла жанчына і перадала патрульнаму нараду міліцыі.

Як паведамляў раней МУС, гамяльчаніна знайшлі, прагледзеўшы запісы камер відэаназірання. „Прадпрымальнік адмовіўся прайсці ў аддзел, пры гэтым у размове з аператыўнікамі лаяўся нецэнзурна і нават спрабаваў збегчы з дому праз запасны выхад. У выніку гараджаніна затрымалі”, — паведамляла ведамства.

Дзеянні гамяльчаніна трактавалі як „здзек з дзяржаўных сімвалаў” (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). За гэта прадугледжанае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, арышту або абмежавання волі да года.

У лістападзе 2020 года ў Жлобіне судзілі мясцовага жыхара за здзек са сцяга. Ён атрымаў год абмежавання волі. У снежні ў Мінску судзілі двух мясцовых жыхароў паводле аналагічнага артыкула. Адзін атрымаў па судзе штраф у памеры 300 базавых велічынь (8.100 рублёў), другі — 400 базавых велічынь (10.800 рублёў).

belapan.by