У Гомелі судзяць удзельнікаў акцыі ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў
У Гомелі праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў, якая праходзіла 14 ліпеня. Дакладная колькасць асуджаных за мірнае масавае мерапрыемства невядомая.
Праваабаронцы, журналісты і сваякі затрыманых чакалі судовых пасяджэнняў з 10-й раніцы да 16-й дня, калі ў суды некалькіх раёнаў адначасова сталі завозіць дэманстрантаў. На гэты момант вядома пра тое, што 4 удзельнікаў акцыі пакаралі арыштамі ад 5 да 10 сутак. Аляксандра прыйшла падтрымаць свайго сябра Валерыя Сляпухіна, якому прысудзілі 10 сутак арышту.
– На працэсе не ўдалося пабываць, таму што зрабілі ўсе ўмовы, каб ніхто з прысутных на іх не трапіў. Людзей раскідалі па розных суддзях, розных залах паседжанняў. І мы нават не змаглі даведацца, да якога суддзі трапіў наш сябра Сляпухін. Яму прысудзілі дзесяць содняў, і мы нават не ведаем, ні які суддзя разглядаў справу, ні ў якім памяшканні гэта адбывалася. І канцылярыя не давала гэтыя дадзеныя. Мы прысутнічаем, але ж нічога не можам зрабіць.
14 ліпеня некалькі гомельцаў выйшлі на акцыю пратэсту ў раёне плошчы Паўстання. Аднак грамадзянам нават не далі сабрацца. Супрацоўнікі АМАП і міліцыянты разагналі мірны сход, затрымаўшы каля 2 дзясяткаў чалавек, у тым ліку 3 журналістаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель