У Гомелі судзяцца праз ролік відэаблогера



У Гомелі судзяць жыхарак вёскі Галавінцы Алу Карповіч і Алену Рудаву, якія выказвалі свае меркаванні ў матэрыяле незалежнага відэаблогера Арцёма Шапарава. Пазоўнікам выступіла іх суседка Валянціна Смаль, якая лічыць, што ў сюжэце блогера былі дапушчаныя абразлівыя выказванні на яе адрас. Гэтая жанчына фігуруе ў роліку ў якасці антыгероя, які не дае спакойна жыць і працаваць суседзям, увесь час звяртаецца са скаргамі ў розныя дзяржаўныя інстанцыі. Ініцыятарка судовага працэсу Валянціна Смаль на папярэдняе пасяджэнне не з’явілася, накіраваўшы ў якасці прадстаўніка адваката.

Адвакат Валянціны Смаль прывёў некалькі цытат з роліка Арцёма Шапарава, у якім, на думку пазоўніцы, прагучалі абразы: “Рудава дазволіла сабе выказаць такія словы: “Банда на чале са Смаліхай — банда, таму што яна пачала звычайных вясковых людзей знішчаць.”

Індывідуальная прадпрымальніца Алена Рудава, якой прыпісваюцца гэтыя словы, не адмаўляе, што выкарыстала лексічную адзінку “банда”, паколькі вяскоўцы былі на эмоцыях падчас запісу відэароліка.

Валянціна Смаль мае прэтэнзіі да сваёй суседкі Алены Рудавай праз яе гаспадарчую дзейнасць па развядзенні курэй на продаж (дрэнны пах, антысанітарыя і інтэнсіўны рух машын).

Жыхарка вёскі Галавінцы Алена Рудава:

– Калі некалькі людзей збіваюцца ў групу, пачынаюць цябе знішчаць, то для мяне гэта банда. Мяне трэці год запар маральна знішчаюць. Я не гаварыла, што ўзброеная ці нейкая іншая банда. У нас у вёсцы гавораць так, кароў выгнаўшы: “О, банда сабралася”. Для мяне гэта не абраза, а звычайнае слова.

На працэсе прысутнічала жыхарка Галавінцоў Наталля Кедроўская, якая ў згаданым роліку фігуравала таксама ў якасці прыхільніцы Валянціны Смаль.

Наталля Кедроўская:

– Гэта я, аказваецца, член “банды Смаль”. Я нікога не тэрарызую, а звяртаюся ў кампетэнтныя органы, як гэта робіць Валянціна Смаль. Калі б нашыя звароты не былі па сутнасці, то іх бы нават не разглядалі ў інстанцыях. Яны выклалі ў Інтэрнэце фотаздымкі: мой, Смаль і яшчэ некалькіх жыхарак вёскі. І абвясцілі ўсіх у складзе банды. Нас выставілі на пасмешышча. Пра выхад роліка я дазналася ад дзяцей, якія сказалі мне, што я зорка Інтэрнэта. Хто ім дазволіў здымаць!

Праваабаронца Алесь Яўсеянка не заўважыў падчас папярэдняга слухання, што ў роліку прагучалі словы, якія цягнуць на абразу гонару і годнасці пазоўнікаў.

Алесь Яўсеянка:

– Слова “банда” літаратурнае, не мае ніякай негатыўнай і нецэнзурнай падаплёкі. Тое, што прадстаўнік пазоўніцы інкрымінуе знявагу гонара і годнасці, указваючы слова “банда”, гэта спрэчна. Яны ж не сказалі, напрыклад, што яна “ўдзельнік арганізаванай злачыннай групоўкі, якая тэрарызуе ўсю вёску, не дае людзям існаваць і ў гэтым рэчышчы”.

Паралельна з гэтым судовым працэсам грамадзянка Валянціна Смаль накіравала шэраг заяваў у праваахоўныя органы з патрабаваннем даць ацэнку відэасюжэтам блогера Арцёма Шапарава.

Арцём Шапараў:

– На мяне было напісана 10 ці 20 заяваў у міліцыю. Я ўжо збіўся з падліку. Праводзіліся экспертызы, ці ёсць у сюжэце экстрэмізм і паклёпы, то бок праводзіліся праверкі мноства разоў… Мне ж пастаянна адпіскі прыходзяць, што ў маіх роліках нічога не было. Экспертыза існуе, паводле якой у маіх ролікаў парушэнняў няма. І гэтая экспертыза будзе на суд заяўленая.

Валянціна Смаль ацаніла памер маральнай кампенсацыі за некаторыя выказванні суседак у 2 і 4 тысячы беларускіх рублёў. На першы суд прыйшло пару дзясяткаў чалавек з групы падтрымкі блогера Арцёма Шапарава і яго апаненты. Працяг разгляду грамадзянскай справы мае адбыцца 16 студзеня у 14.30 у судзе Гомельскага раёна.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель