У Гомелі – супраць ушчыльнення жылой забудовы



Гамельчукі пратэстуюць супраць ушчыльнення забудовы на вуліцы Юбілейнай. Жыхары некалькіх шматкватэрных дамоў сабралі і перадалі ў выканкам больш за 300 подпісаў супраць пачатку будаўнічых прац, якія, на іх думку, могуць прывесці да разбурэння аварыйных дамоў і пагаршэння якасці жыцця людзей.

Грамадскі актывіст Валерый Сляпухін заўважае, што месца для ўзвядзення новых дамоў абранае вельмі няўдала.

– Хочуць зрабіць жылую забудову з 4-х і 5-х павярховых будынкаў. Мала таго, што тут і месца асабліва няма, каб размясціць такую колькасць жылых аб’ектаў. Аднак тут яшчэ ёсць зрух грунту, грунт тут не стабільны, побач яры. Любыя сур’ёзныя будаўнічыя працы могуць прывесці да абрынання самога дома.

Каля 30 год таму на вуліцы Юбілейнай у Гомелі былі пабудаваныя некалькі высокапавярховых дамоў наўпрост на насыпным грунце. З цягам часу на падмурках і фасадах дамоў сталі з’яўляцца шчыліны, праз якія ў памяшканні трапляе вільгаць. На падмурку дома №38 па вуліцы Юбілейнай, напрыклад, для спынення разбурэння былі выкарыстаныя нават металічныя сцяжкі.

Беларускае Радыё Рацыя