У Гомелі ў Чыгуначным РАУС застрэліўся мужчына
У Чыгуначным РАУС Гомеля 11 лютага адбылося надзвычайнае здарэнне з гібеллю чалавека, паведамілі БелаПАН ва УУС Гомельскага аблвыканкама.
Што менавіта здарылася, ва УУС не патлумачылі, адзначыўшы, што праверку па гэтым факце праводзіць Следчы камітэт.
У ведамстве пацвердзілі факт правядзення праверкі. Як паведаміла БелаПАН Марыя Крываногава, следчае ўпраўленне УСК па Гомельскай вобласці праводзіць праверку па факце смерці 25-гадовага гамяльчаніна падчас здарэння ў будынку АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля. Прызначаны шэраг экспертыз.
Як паведаміў тэлеграм-канал NEXTA, у адным з кабінетаў райаддзела застрэліўся паляўнічы, якому падчас чарговай медыцынскай камісіі паставілі дыягназ, які не дазваляе валодаць зброяй. У сувязі з заключэннем медыкаў міліцыя канфіскавала ў яго стрэльбу і патроны. Гамяльчаніну было прапанавана на працягу паўгода прадаць зброю. 11 лютага мужчына прыйшоў у РАУС і папрасіў сфатаграфаваць сваё ружжо, каб размясціць аб’яву аб яго продажы. Калі супрацоўнік міліцыі адцягнуў увагу, мужчына зарадзіў ружжо і стрэліў сабе ў галаву.
