У Гомелі ў дачыненні да затрыманых журналістак склалі пратаколы



Гомельскія журналісткі Марына Драбышэўская і Ларыса Шчыракова выйшлі з РАУС Чыгуначнага раёна Гомеля. На абедзвюх аператарак склалі пратаколы паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса. Іх вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі. Па выхадзе з міліцэйскай управы Ларыса Шчыракова заявіла, што такія меры міліцыянтаў не паўплываюць на яе прафесійную дзейнасць.

– Мяне затрымалі  пасля акцыі і прывезлі сюды, у Чыгуначны РАУС, Марыя Сцепаненка склала пратакол паводле артыкула 22.9 за стрым з мітынга, прысвечанага 1 Мая. Суд будзе хуткі, „справядлівы” і „бесстаронні”.

2 траўня ў судзе Навабеліцкага раёна будзе разглядацца адміністрацыйная справа ў дачыненні да журналіста Яўгена Меркіса, затрыманага за брудную лаянку ўвечары 30 красавіка. Калегі затрыманага перакананыя, што такім чынам міліцыянты спрабавалі перашкодзіць яму весці онлайн-трансляцыю з дазволенага ўладамі мітынга.

* * * 

У Гомелі пачалі выходзіць на волю людзі, якія былі затрыманыя падчас і напярэдадні дазволенай уладамі акцыі 1 Мая.

Стала вядома, што Віктар Рубцоў, пасля трох гадзінаў размоваў з міліцыянтамі, ужо выпушчаны без складання пратакола.

А што датычыць затрыманых калегаў-журналістаў Марыны Драбышэўскай і Ларысы Шчыраковай, то ў дачыненні да іх складаюцца пратаколы паводле пункта 22.9 Адміністрацыйнага кодекса Рэспублікі Беларусь, то бок незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі.

Ларыса Шчыракова ўжо выйшла і сказала, што гэты пераслед не паўплывае на яе прафесійную дзейнасць.

Дагэтуль людзі чакаюць Марыну Драбышэўскую ля ганку УУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомеля.

Беларускае Радыё Рацыя