У Гомелі ўшанавалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій



Сябры Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага брацтва БПЦ зладзілі паніхіду і прыборку на старасвецкіх могілках у Навабеліцы.

У гэтым месцы пахаваныя святары-ахвяры камуністычнага тэрору. Падчас акцыі зачытваліся імёны і звесткі пра рэпрэсаваных гамяльчан. Гамяльчанка Святлана гаворыць, што грамадству трэба зрабіць усё, каб памяць пра бязвінна забітых не ўгасла.

Чытаем вось гэту кнігу памяці. Тут жа і кавалі, і дырэктары заводаў, і служачыя, і святары. Усе людзі жылі, тварылі, і такі цяжкі лёс выпаў на іх долю, але, я думаю, многія не зламаліся. Гэта добра, што мы зараз аднаўляем памяць пра іх.

Удзельнік жалобнай акцыі Андрэй Скідан заўважае, што мясцовая праваслаўная грамадскасць пачала рабіць прыборкі Навабеліцкіх могілак на Змітроўскія Дзяды гадоў дзесяць таму.

Якраз канец кастрычніка – пачатак лістапада былі для Гомеля самымі крывавымі днямі 1937 года, і таму мы сканцэнтравалі сваю работу на могілках, прыборцы магіл з памінавеннямі, бо сёння гэтага няма дзе зрабіць. А тут на магілах мы чытаем мартыралог Гомельскай епархіі.

Гомельская грамадскасць у кастрычніку ладзіць некалькі імпрэз, у межах якіх будзе ўзнятая праблема памяці пра ахвяр камуністычнага тэрору. 29 кастрычніка ў Абласной бібліятэцы пройдзе вечар памяці. У той жа вечар на базе грамадска-палітычнага цэнтра Палеская, 52 адбудзецца прэзентацыя кнігі Анатоля Бароўскага “Паўстанец духу” пра аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстання Рыгора Клімовіча.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель