У Гомелі абвешчаны прысуд сяржанту за дзедаўшчыну
У Гомелі 21 чэрвеня абвешчаны прысуд 19-гадоваму сяржанту, які служыў у вайсковай частцы 5525 унутраных войскаў МУС.
Маладога чалавека абвінавачвалі ў перавышэнні ўлады па артыкуле 455 Крымінальнага кодэкса — біў і прыніжаў салдат. Сяржант прысуджаны да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у калонію адкрытага тыпу („хімія”). Яго выпусцілі з-пад варты ў зале суда. Прысуд пакуль не набыў законную моц.
Падчас спрэчак і апошняга слова сяржант прызнаў сваю віну, раскаяўся і прасіў прабачэння. Пракурор прапаноўваў пакараць абвінавачанага двума гадамі абмежавання волі. Дзяржабвінаваўца заявіў, што з-за падобных злачынстваў складваецца негатыўны імідж беларускі арміі. Адвакат падчас спрэчак казаў пра тое, што нельга чалавека судзіць за ўсю дзедаўшчыну. На прысуд з вайсковай часткі 5525 прывялі каля двух дзесяткаў салдат.
Як раней паведамляў БелаПАН, па справе праходзяць пяць пацярпелых. Адзін з радавых паскардзіўся лекару на фізічнае насілле з боку сяржанта і назваў іншых салдат, якія таксама пакутавалі ад дзедаўшчыны. Пачаўся разбор. Паводле інфармацыі абвінавачвання, сяржант біў ваеннаслужачых, патрабаваў „празмерна піць кефір і есці белы хлеб”.