У Гомелі абвесцілі прысуд аднаму з фігурантаў карупцыйнай справы
7 ліпеня суд Савецкага раёна Гомеля вынес прыгавор па справе аб карупцыі пры закупках спецадзення. Як паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда, за хабар асуджаны абвінавачваны М. Пры гэтым прэс-служба не называе яго пасады і прадпрыемства, на якім ён працаваў.
Выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, абвінавачваны М. уступіў у злачынную змову з дырэктарам рэгіянальнага прадстаўніцтва мінскай кампаніі. Без пошуку альтэрнатыўных варыянтаў абраў яе ў якасці пастаўшчыка спецыяльных абутку і адзення, іншых сродкаў індывідуальнай абароны для патрэб прадпрыемстваў.
Прыгаворам суда М. прызнаны вінаватым „у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, якія прадстаўляюцца выключна ў сувязі з займаным ім службовым становішчам, за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, а таксама за выкананне ў інтарэсах таго, хто дае хабар, і асоб, што прадстаўляюцца ім, якога-небудзь дзеяння, якое гэта асоба магла зрабіць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў”. На падставе ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тры гады, з канфіскацыяй усёй маёмасці. М. таксама пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на пяць гадоў.
Прысуд законную моц не набыў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Як раней паведамляла пракуратура Гомельскай вобласці, ёю вывучаны і накіраваны ў раённыя суды Гомеля чатыры крымінальныя справы па абвінавачанні службовых асоб дзяржаўных прадпрыемстваў у атрыманні хабараў. Крымінальныя справы знаходзіліся ў вытворчасці ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці.
У красавіку гэтага года КДБ паведамляў пра тое, што распачата 22 крымінальныя справы ў дачыненні да 19 службовых асоб розных дзяржпрадпрыемствах з-за карупцыйнай схемы пры закупках спецадзення.
Сярод прадпрыемстваў, якія закуплялі спецадзенне па конкурсе, у артыкуле згадваюцца Мазырскі НПЗ, „Гродна Азот”, „СветлагорскХімвалакно”, „Краснасельскбудматэрыялы”, „Менскводаканал”, філіялы „Беларуснафты” і Беларускай чыгункі. Хабары іх прадстаўнікам перадаваліся як мінімум з 2013 года. Усяго, як устаноўлена КДБ, з 2013 года на хабары кіраўніцтвам фірмы было выдзелена больш за 1,5 млн долараў.