У Гомелі яфрэйтара прыгаварылі да „хатняй хіміі” за дзедаўшчыну



Суд Гомельскага раёна (суддзя Раіса Кавалевіч) 27 верасня вынес прыгавор у дачыненні да 22-гадовага Паўла Красільнікава, які абвінавачваўся ў „дзедаўшчыне” падчас службы ў войсках СПА —  „парушэнні статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці” (ч. 2 арт. 443 Крымінальнага кодэкса).

Ад дзеянняў вайскоўца пацярпелі пяць радавых. Суд прыгаварыў абвінавачанага да абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу („хатняя хімія”).

Згодна з матэрыяламі абвінавачвання ў верасні 2017 года яфрэйтар незаконна прымусіў радавых адціскацца, прысядаць, стаяць на галаве і выконваць пры гэтым песню „Войска ПВО”. Па сведчаннях пацярпелых, яны адціскаліся па 40—50 разоў, хто не мог адціскацца — прысядаў. У аднаго з пацярпелых пры выкананні практыкаванняў пайшла кроў з носа, і яго адпусцілі.

Абвінавачаны не прызнаў віну цалкам. Ён сцвярджае, што не прымушаў салдат адціскацца, а іх паказанні — абгавор. „У час службы я часта быў дзяжурным па роце, быў патрабавальны да салдат. Калі іншыя маглі дазволіць салдатам не прыбірацца, напрыклад, а адпачываць, то ў мяне была чысціня і парадак. Мяне за гэта недалюблівалі радавыя”, — выказаў меркаванне яфрэйтар.

Таксама пры допыце ў судзе пацярпелы адзначаў, што быў фізічна развіты і мог 40 разоў адціснуцца. „Вы сказалі, што нармальна адціскацца 40 разоў? Тады чаму вас гэта напружвала? Вы ж не адчувалі фізічных цяжкасцяў?” — спытаў у пацярпелага адвакат абвінавачанага. „Ні за што прымусілі адціскацца”, — адказаў салдат.

Дзяржаўны абвінаваўца ў спрэчках заявіў, што віна вайскоўца даказаная матэрыяламі справы. Ён прасіў пакараць яфрэйтара абмежаваннем волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Пацярпелыя ў сваіх выступленнях адзначалі, што не жадаюць суровага пакарання для абвінавачанага.

Адвакат звяртаў увагу суда на супярэчлівыя, на яго думку, паказанні пацярпелых. Таксама абаронца адзначаў, што не ўстаноўлена дата ўчынення злачынства. У абвінавачванні гаворка ідзе пра канец верасня 2017 года, але па дакументах вайсковай часці ў гэты час пацярпелыя былі ў камандзіроўцы.

Ён дадаў, што вайсковае падраздзяленне невялікае — у ім служыць каля 30 чалавек і пры жаданні следства магло б апытаць усіх, „але не зрабіла гэтага”. На думку абаронцы, у справе няма доказаў гвалту, здзекаў — яны не апісаны, толькі канстатаваны.

Красільнікаў ў апошнім слове заявіў, што спадзяецца на справядлівае рашэнне суда.