У Гомелі з каронавірусам шпіталізавалі двух трэнераў СДЮШАР
У Гомелі сярод трэнерскага складу СДЮШАР № 4 зарэгістраваныя два выпадкі захворвання на пнеўманію з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каронавіруса SARS/2019-nCoV (COVID-19).
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама, хворыя пераведзеныя з Гомельскай гарадской бальніцы № 1 для працягу лячэння ў інфекцыйную бальніцу.
Па СДЮШАР № 4 вызначаны пералік кантактных асоб першага і другога ўзроўняў, праведзена шпіталізацыя кантактаў першага ўзроўню, арганізавана іх лабараторнае абследаванне.
Праводзіцца медыцынскае назіранне за кантактамі другога ўзроўню з мэтай актыўнага выяўлення ў іх сімптомаў ВРВІ для своечасовага прыняцця супрацьэпідэмічных мер.
У Гомельскай вобласці 31 сакавіка афіцыйна было абвешчана аб пяці выпадках каронавіруса. Першы выпадак быў зафіксаваны ў спартсмена, які вярнуўся з Партугаліі. Ён — выхаванец СДЮШАР № 4. Спартсмен ужо прайшоў лячэнне і выпісаны з інфекцыйнай бальніцы.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 1 красавіка, у Беларусі ад каранавірусной інфекцыі памерлі два чалавекі. Таксама паведамляецца, што за апошнія суткі выпісаныя пяць пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек.
Разам з тым агульную колькасць пацверджаных у краіне выпадкаў COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не публікуе.
belapan.by