У Гомелі за вымаганне затрыманы былы ўдзельнік банды Марозава
У Гомелі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі за вымаганне былога ўдзельніка банды Марозава, якая дзейнічала ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.
У свой час за ўдзел у злачыннай арганізацыі ён быў прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі. Да таго паспеў пабываць у месцах пазбаўлення за крадзеж, рабаванне і вымаганне. У 2012 годзе быў вызвалены ўмоўна датэрмінова.
Пра падрабязнасці затрымання паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў (АІГС) АУУС Гомельскага аблвыканкама. Гомельскі прадпрымальнік у 2015 годзе заняўся сумесным бізнесам з жыхаром Пінска. Апошні ўклаў у справу 15 тысяч долараў. Пакуль справы ішлі нядрэнна, кампаньёны ніякіх прэтэнзій адзін да аднаго не мелі. Калі з-за праблем у бізнесе гамяльчанін не змог аддаваць належныя пінчуку дывідэнды, паўсталі пытанні аб вяртанні ўкладзенай у справу сумы.
Раней пінчук выпадкова пазнаёміўся з удзельнікам марозаўскай банды. У адну з сустрэч ён паскардзіўся на нявырашаную грашовую праблему. Былы „марозавец” паабяцаў дапамагчы вярнуць доўг. З прадпрымальнікам правялі завочныя перамовы і прызначылі сустрэчу на плошчы Паўстання Гомеля.
Начальнік 8-га ўпраўлення (па Гомельскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Андрэй Заяц паведаміў аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС, што сустрэча на плошчы Паўстання праходзіла пад кантролем яго супрацоўнікаў. На выпадак ўзнікнення непрадбачаных сітуацый задзейнічалі АМАП. Падазроны вёў перамовы з даўжніком, спрабуючы пераканаць у неабходнасці хутчэйшага вяртання грошай. Той наяўнасць доўгу не адмаўляў, але шчыра прызнаўся, што ў гэты момант такой сумы не мае. „Адказ раней судзімаму не спадабаўся. Ён дастаў пісталет Макарава і шчоўкнуў затворам пісталета… Тады і была аддадзеная каманда на сілавы захоп, які прайшоў вокамгненна”, — інфармуе АІГС.
Ужо пасля затрымання высветлілася, што пісталет апынуўся дакладнай копіяй вядомага пісталета Макарава, толькі ў пнеўматычным выкананні, які вырабляюць на Іжэўскам механічным заводзе.
Упраўленнем СК па Гомельскай вобласці ў дачыненні да былога „марозаўца” і жыхара Пінска распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 208 КК (вымаганне). Па ёй прадугледжанае пакаранне ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Фота sputnik.by