У Гомелі за злоснае хуліганства асудзілі групу падлеткаў з 11 чалавек
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзеў на закрытым судовым пасяджэнні крымінальную справу ў дачыненні да 11 жыхароў Гомельскай вобласці, якія абвінавачваюцца ва ўчыненні злоснага і асабліва злоснага хуліганства, а таксама шэрагу іншых злачынстваў — крадзяжоў, вымагальніцтваў, захоўвання і распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў.
Падлеткі прыгавораныя да пазбаўлення волі ад аднаго года да двух гадоў з адтэрміноўкай, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова.
Сваіх ахвяр маладыя людзі шукалі ў сацыяльных сетках і прызначалі ім сустрэчы. Пасля такой сустрэчы, якая праходзіла, як правіла, на прыпынку грамадскага транспарту або побач з рынкам, акружалі патэнцыйную ахвяру і пад пагрозай прымянення гвалту адводзілі туды, дзе супрацьпраўным дзеянням не маглі б перашкодзіць.
„Затым абвінавачваныя, груба парушаючы грамадскі парадак, выказваючы відавочную непавагу да грамадства і агульнапрынятых правіл паводзінаў, дзейнічаючы з выключным цынізмам, выказвалі ў адрас пацярпелых звесткі, якія іх дыскрэдытуюць і якія тыя жадалі захаваць у таямніцы, пагражалі прымяненнем гвалту, — расказала Барсукова. — Так, аднаму пацярпеламу пасля абразаў і нанясення пабояў часткова пабрылі галаву і аблілі яе зялёнкай, іншаму — налілі гэты раствор на рукі і прымусілі нанесці на твар”.
Прысуд законную моц пакуль не набыў, можа быць абскарджаны і апратэставаны, дадала прэс-сакратар суда.