У Гомелі забаранілі шэсце ў падтрымку сайта „Хартыя’97”



Гомельскі гарвыканкам разгледзеў заяўку прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП у рэгіёне Віктара Казлова і Леаніда Судаленкі аб правядзенні вулічнага шэсця і няе даў на масавае мерапрыемства дазволу. Нагадаем, ў Гомелі 17 лютага планавалася правядзенне вулічнага шэсця з мэтай выказвання пратэсту супраць блакіроўкі Міністэрствам інфармацыі незалежнага інтэрнэт-выдання „Хартыя’97”.

Як паведамляе „Гомельская Вясна”, гарвыканкам указаў, што заяўленае арганізатарамі месца правядзення вулічнага шэсця (пешаходная частка вуліцы Савецкая) не адпавядае патрабаванням артыкула 9 Закона „Аб масавых мерапрыемствах”, маючы на ​​ўвазе, што па маршруце шэсця размешчаны будынак гарвыканкама. Акрамя таго, намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук растлумачыў, што адзін з заяўнікаў – Л. Судаленка ў мінулым годзе прыцягваўся да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, маючы на ​​ўвазе яго ўдзел у акцыі пратэсту недармаедаў 17 лютага 2017 года.

Праваабаронца Леанід Судаленка, якому ў мінулым годзе вынеслі папярэджанне за ўдзел у вулічным шэсці і дэманстрацыі лічыць, што ўлада па-ранейшаму бярэ на сябе адказнасць за парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян і заяўляе, што будзе абскарджваць забарону ў судзе.

«У нас на руках маецца унікальны кейс, а менавіта, забарона на мірны сход па прычыне таго, што раней я прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у мірным сходзе. Абсурднасць сітуацыі нават не ў тым, што падобнае непаразуменне прапісана ў беларускім законе, унікальнасць зыходзіць з практыкі – на сходы ў краіне накладзена фактычнае табу, а калі грамадзянін ўдзельнічае ў несанкцыянаванай акцыі, яго пераследуюць адміністрацыйнымі санкцыямі. А раз раней прыцягваўся, значыць, не маеш права і так па крузе», – каментуе сітуацыю праваабаронца.

Ён таксама ўзгадаў нядаўнюю заяву старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы пра тое, што беларускі ўрад хоча скараціць колькасць скаргаў беларускіх грамадзян у Камітэце ААН па правах чалавека.

«Валянцін Алегавіч! Мы ў гэтым кейсе дойдзем да Вярхоўнага суда і я абавязкова запішуся да вас на прыём. Думаю, нам ёсць пра што пагаварыць на хвалюючую вас тэму, я ведаю дакладна, як паменшыць паток скаргаў з Беларусі ў КПЧ ААН», – заявіў Л. Судаленка.

Вясна