У Гомелі замест канцэрта да 100-годдзя БНР будуць „Бабы Шанэль”



Гомельскія ўлады адмовілі ў прадастаўленні залы для правядзення святочнага канцэрту з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Намеснік старшыні гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук у афіцыйным адказе патлумачыў, што ў „Гарадскім цэнтры культуры” запланаваныя іншыя мерапрыемствы. У афішы ГЦК на 25 сакавіка пазначаны спектакль самадзейнай трупы з асуджаных жанчын гомельскай калоніі пад назвай „Бабы Шанэль”.

Адзін з аўтараў звароту да ўладаў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць, што ўлады абразілі гомельцаў сваім рашэннем.

– Гэта абраза таму, што свята павінна быць святам. А калі ўлада робіць вось такія „сюрпрызы”, то гэта абраза для ўсяго Гомеля.

Паводле сябра аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР у Гомелі Уладзіміра Кацоры, забарона афіцыйнага канцэрта — гэта паслядоўная пазіцыя мясцовых уладаў:

– Мы прынялі зварот да ўладаў, каб яны сумесна, мы з імі ці яны з намі, але сумесна, рыхтаваліся да гэтага свята. Улады тады нам адмовілі. Мы прынялі зварот, каб у Гомелі з’явілася вуліца ці мемарыяльная дошка ў гонар Палуты Бадуновай, яны таксама нам адмовілі. Зараз ім вельмі цяжка было дазволіць, гэта значыць страціць свой твар.

На мінулым тыдні прадстаўнікі гомельскай грамадскасці звярнуліся да гарадскіх уладаў з просьбай аб прадастаўленні пляцоўкі для святочнага канцэрту. У якасці аптымальнага месца для святкавання разглядалася зала „Гарадскога цэнтра культуры”.

14 сакавіка заяўнікі канцэрту сустрэліся з намеснікам старшыні гарвыканкама Віталём Атаманчуком, які ў нефармальнай размове заўважыў, што больш прыдатнай пляцоўкай для святкавання з’яўляецца Дом культуры ВІПРА. Аднак нават на гэты кампрамісны варыянт улады вырашылі не ісці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель