У Гомелі затрыманы праваабаронца Леанід Судаленка



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, паводле неафіцыйнай інфармацыі, знаходзіцца ў статусе падазраванага ў здзяйсненні злачынства. Калегі гавораць, што яму могуць інкрымінаваць артыкул 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Паплечнік затрыманага Васіль Палякоў звяртае ўвагу на тое, што ўлада выйшла на новы ўзровень рэпрэсій супраць грамадства.  

– Спачатку ўлады імкнуліся выціснуць актыўнасць з вуліц беларускіх гарадоў. Зараз яны робяць усё для таго, каб пазбавіць людзей мінімальнай дапамогі, мінімальнай падтрымкі. Таму што, калі не будзе такой падтрымкі, на думку ўладаў, не будзе актыўнасці. Гэта не спрацуе. Але сёння гэтым улады займаюцца.

Леанід Судаленка — шматдзетны бацька, прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП і праваабаронца. У разгар пратэстаў супраць Дэкрэта «Аб дармаедах» Леаніда Судаленку называлі «адвакатам дармаедаў» за тое, што ён прадстаўляў інтарэсы дзясяткаў грамадзянаў, якія выступалі супраць адыёзнага падатку на беспрацоўе. У 2018 годзе за свае заслугі ў праваабарончай дзейнасці Леанід Судаленка быў ушанаваны прэстыжнай прэміяй Французскай рэспублікі «Свабода-Роўнасць-Братэрства».   

***

У Гомелі 18 студзеня затрыманы праваабаронца Леанід Судаленка, ён знаходзіцца ў Следчым камітэце, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

5 студзеня прайшоў вобшук у кватэры Судаленкі і гомельскім грамадска-палітычным цэнтры „Палеская, 52”, дзе праваабаронца займаецца сваёй дзейнасцю. Былі канфіскаваныя дакументы, якія тычацца адміністрацыйных спраў і скаргаў удзельнікаў акцый пратэсту, тэхніка, банкаўскія карткі, бел-чырвона-белыя сцягі. Праваабаронца быў дапытаны ў 8-м (па Гомельскай вобласці) упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Як паведаміў Судаленка, большасць пытанняў тычыліся яго юрыдычнай і іншай дапамогі людзям, якія пасля выбараў былі арыштаваныя і аштрафаваныя.

У той дзень вобшукі прайшлі таксама ў актывістаў і праваабаронцаў Васіля Палякова і Мікалая Новікава, валанцёра Таццяны Ласіцы. Правядзенне вобшукаў прадстаўнікі сілавых структур матывавалі крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых, які быў затрыманы 23 снежня. Яго абвінавацілі ў „пагрозе гвалту прадстаўніку ўлады”.

belapan.by