У Гомелі затрыманыя журналістка Шчыракова і Таццяна Канеўская
У Гомелі 19 чэрвеня затрыманыя журналістка Ларыса Шчыракова і Таццяна Канеўская – сябра ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.
«З самай раніцы каля майго дома дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Я здолела выехаць у цэнтр Гомеля на таксі, але яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і міліцыі. Мяне павезлі ў АУС Гомельскага раёна», – паведаміла БелаПАН Шчыракова.
На яе думку, дзеянні міліцыі накіраваныя на тое, каб яна не трапіла на пікет па зборы подпісаў у раёне цырка, запланаваны на сённяшні вечар.
Таццяна Канеўская знаходзілася на пляцоўцы каля цырка. Яна адышла папіць кавы, яе затрымалі мужчыны ў цывільным і павезлі ў невядомым кірунку. Канеўская штодня збірала подпісы ў падтрымку Ціханоўскай.
Вядома таксама, што каля дома гомельскага блогера Арцёма Шапарава з раніцы дзяжурыць міліцыя.
На пляцоўцы каля цырка, дзе сабраліся людзі, не працуе мабільны інтэрнэт, ёсць перабоі з мабільнай сувяззю А1.