У Гомелі збіраюць подпісы за наданне вуліцам імёнаў Быкава і Караткевіча
У Гомелі актывісты „Моладзі БНФ” збіраюць подпісы за ўвекавечанне імёнаў класікаў літаратуры Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча ў назвах гарадскіх вуліц. Кампанія па зборы подпісаў праводзіцца як у былым рабочым пасёлку Касцюкоўка, так і ў самім Гомелі. Паводле аднаго з актывістаў Арцёма Касаварава, большасць апытаных ім жыхароў Касцюкоўкі выступаюць за вуліцы Быкава і Караткевіча.
– Ездзілі ў Касцюкоўку, рабілі апытанку. Каля 80-90% апытаных былі за вуліцы Быкава і Караткевіча. Адзіны чалавек выказаўся супраць.
Падчас апытанкі Радыё Рацыя гомельцы ў пераважнай большасці выказаліся за наданне назвам вуліц імёнаў Быкава і Караткевіча.
– Вельмі люблю беларускую мову, таму давайце будзем разам дамагацца, каб у Гомелі былі такія вуліцы.
– Думаю, трэба перайменаваць, каб падтрымаць патрыятызм нашага горада. Замест вуліцы Інтэрнацыянальнай больш падышла б вуліца Уладзіміра Караткевіча. А вуліца імя Васіля Быкава – замест вуліцы Сялянскай. Тады людзі будуць памятаць пра гэтых выдатных пісьменнікаў.
У пачатку снежня гэтага года дзяржаўныя СМІ Гомеля праінфармавалі пра перайменаванне завулка Садовы і вуліцы Прамысловай у Касцюкоўцы ў гонар Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Аднак праз пару дзён у гарадской тапанімічнай камісіі заявілі, што вуліц у гонар беларускіх класікаў літаратуры не будзе, паколькі супраць гэтага быццам бы выступілі жыхары Касцюкоўкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота Андрэя Міхайлава