У Гомелі журналіст арыштаваны на 15 сутак
13 жніўня ў Гомелі судзілі журналіста а Яўген Меркіс, які быў затрыманы напярэдадні каля свайго дома.
Суд прайшоў у выязным рэжыме — у аддзяленні міліцыі.
Як паведаміла БелаПАН калега Меркіса Марына Драбышэўская, суд пакараў журналіста арыштам на 15 сутак. Яго абвінавацілі па артыкуле 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Напярэдадні ў Гомелі прайшла жаночая акцыя пратэсту, на якой Меркіс прысутнічаў у якасці прадстаўніка СМІ.
12 жніўня афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што пытанні працы журналістаў на несанкцыянаваных акцыях „узятыя на асабісты кантроль кіраўніка ведамства”.
„Сёння ў інтэрнэт-прасторы актыўна мусуецца тэма затрыманняў журналістаў, — адзначыла яна. — Чарговым разам звяртаем увагу, што ў пераважнай большасці выпадкаў такіх дастаўленых адпускаюць без складання адміністрацыйнага пратакола. Мы разумеем, што гэтыя людзі таксама займаюцца сваёй прафесійнай дзейнасцю!”
Чамаданава паведаміла, што 12 жніўня міністр унутраных спраў Юрый Караеў правёў рабочую нараду. „Мая прынцыповая пазіцыя — журналістаў не чапаць! Акрамя выпадкаў, дзе яны становяцца паміж парушальнікамі і сіламі правапарадку” — такую ўстаноўку сваім падначаленым даў сёння Юрый Караеў на працоўнай нарадзе. Карыстаючыся выпадкам, кіраўнік МУС яшчэ раз звяртаецца да журналістаў не рызыкаваць сабой на незаконных вулічных акцыях, дзе ідуць жорсткія сутыкненні”, — напісала афіцыйны прадстаўнік МУС.
Раней з заклікам спыніць гвалт у дачыненні да журналістаў, якія выконваюць прафесійны доўг, да ўладаў звярнулася Беларуская асацыяцыя журналістаў.