У Гомелі зладзілі акцыю „Тыдзень без пластыка”



Гомельскія экалагічныя актывісты і журналісты зладзілі акцыю „Тыдзень без пластыка”. Цягам сямі дзён удзельнікі акцыі імкнуліся максімальна пазбягаць пластыкавых пакункаў.

Прадстаўнік рэгіянальнага парталу „Моцныя навіны” Іван Марозька заўважае, што сёлета Беларусь упершыню далучылася да глабальнай ініцыятывы супраць выкарыстання пластыка:

– Я ўвогуле стараюся паступова экалагічныя прынцыпы ў сваё жыццё ўносіць – гэта было не так цяжка, цалкам магчыма абыходзіцца без пластыка. Можна замяняць пакеты экалагічнымі торбамі, аднаразовы посуд можна замяняць звычайным посудам – гэта не так цяжка, кожны чалавек можа ўнесці сваю лепту ў экалогію.

Арганізатары акцыі „Тыдзень без пластыка” прыводзяць сумную статыстыку. Каля 15 мільёнаў квадратных кіламетраў пластыкавага смецця плавае ў паўночнай частцы Ціхага акіяна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель