“Крыўдна за лекарскую прафесію”. У Гомелі знайшлі муміфікаванае немаўля – звольнілі медыкаў



Загадчыцу філіяла №4 дзіцячай паліклінікі Гомеля Вольгу Сініцыну звольнілі пасля таго, як у горадзе быў знойдзены муміфікаваны труп немаўля. Біялагічныя бацькі трохмесяцовай Сняжаны былі затрыманыя па падазрэнні ў забойстве. Хтосьці паспяшаўся абвінаваціць у трагедыі медыкаў. Хтосьці наадварот стаў пагаворваць, што звальненнямі медыкаў ды настаўнікаў гарадское начальства адрапартавала вышэй, што ўмее вырашаць праблемы. Карэспандэнт Радыё Рацыя паразмаўляла са звольненай загадчыцай дзіцячай паліклінікі Вольгай Сініцынай.

Тое, што перажыла я, перажыла ўся сям’я. Ліза (малодшая дачка – заўв. карэсп.) пахудзела на паўкілаграмы. Гэта для гадавалага дзіця вельмі шмат. Трэба ўзнавіць здароўе дзіця, сваё, трэба перастаць плакаць… – Вольга Сініцына хутка бярэ сябе ў рукі і працягвае спакойным голасам. У такім стане нельга ісці да людзей. Таму што калі ты сябе ў чымсьці вінаваціш ці на штосьці пакрыўджаны, ты можаш нечага не заўважыць, нешта не ўлічыць… І ў такім стане нельга працаваць з людзьмі”.

Загадчыца дзіцячай паліклінікі, маці трох дзяцей Вольга Мікалаеўна жыве ў самым звычайным шматпавярховіку з неадрамантаваным пад’ездам. Мы размаўляем, а побач са словамі “мама-мама” бегае яе малодшая дачка – гадавалая Ліза. Перыядычна дзверы ў залю адкрываюцца, заходзіць муж Вольгі Мікалаеўны. Менавіта ён быў у дэкрэце, калі жанчына выйшла на працу ўвесну 2014 года.

50_big_2

Вольга Сініцына прапрацавала на пасадзе загадчыцы філіяла №4 дзіцячай паліклінікі тры гады. Яна мае тры лекарскія спецыяльнасці: педыятр па дыпломе, скончыла клінічную ардынатуру па інфекцыённых хваробах (то бок можа працаваць інфекцыяністам) і арганізатар аховы здароўя (лекар-метадыст, лекар дзяржрэгістра).

Вольгу Мікалаеўну звольнілі пасля таго, як у адной з кватэраў па вуліцы Касманаўтаў знайшлі муміфікаванае немаўля. Следства па справе яшчэ працягваецца. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, дзяўчынка памерла яшчэ ў траўні 2014. Па падазрэнні ў забойстве былі затрыманыя яе біялагічныя бацькі. Маці немаўля мае яшчэ трох дзяцей, якіх выхоўвае бабуля. Таксама на момант смерці дзяўчынкі яна была цяжарная пятым, якога пасля нараджэння пакінула на лесвічнай пляцоўцы. Вольга Сініцына ўзгадвае сям’ю затрыманай жанчыны.

Сям’я – няпростая, бо былі праблемы. Была ў СОПе (сацыльна-небяспечным становішчы). Нават дзеці ў 2007 годзе забіраліся з сям’і. Але не заўжды абавязкова бацькі клапацяцца пра дзяцей. Умовы пражывання ў бабулі і дзядулі, якія даглядалі дзецей, былі прызнаныя добрымі. Вялікая кватэра, усё ёсць. Калі нарадзілася чацьвертае дзіця, то маці праяўляла да яго шчырую спагаду. Яна насіла дзяўчынку ў паліклініку, выконвала ўсе прызначэнні лекара. Ежа, вопратка – усё для дзіця было. Сям’я ў гэты момант у сацыяльна-небяспечным становішчы не знаходзілася. Так, былі выпадкі, калі маці сыходзіла з дому. Але нарадзілася дзіця. У кожнай жанчыны ёсць мацярынскі інстынкт. Усё, яна пра яго клапаціцца. – Распавядае Вольга Мікалаеўна.

 Маці, якая падазраецца ў забойстве свайго дзіця, нават робіць у тры месяцы прышчэпку дзяўчынцы. Аднак потым знікае. Патранажная медсястра пастаянна ходзіць па месцы жыхарства жанчыны і яе дзіця. Але кватэру ніхто не адчыняе.

Як патлумачыла Вольга Сініцына, калі медсястра неаднаразова нікога не застае ў кватэры, то спачатку яна паведамляе пра гэта лекару. Калі лекар запэўніваецца, што нікога няма, то тады пішацца дакладная. “Так было і ў гэты раз: лекар, замацаваная на гэтым участку, схадзіла, пераканалася, што ў кватэры нікога няма, і напісала дакладную, – кажа Вольга Сініцына. – Аднак, відаць, нашая хіба, што папера была складзеная толькі на вышук у РАУС. Не ведаю, ці была зарэгістарваная гэтая папера, але я дакладна ведаю, што вышук быў. У адзел адукацыі мы не звярталіся. Бо пошукамі яны не займаюцца.”.

 Сітуацыя са знікненнем жанчыны і яе дзіця ні ў каго не выклікала хвалявання, паколькі ад сваякоў паступала інфармацыя, што жыццё наладжваецца. Медсястра ўвесь гэты час працягвала безвынікова наведваць кватэру, дзе мусілі знаходзіцца маці з дзіцём. “Канешне, па-сапраўднаму мы запанікавалі і пачалі непакоіцца, калі з’явіўся падкідыш”, – гаворыць Вольга Сініцына.

Нованароджаны хлопчык быў знойдзены на лесвічнай пляцоўцы ў мікрараёне Валатава, які тэрытарыяльна не адносіцца да філіяла №4 дзіцячай паліклінікі. Немаўля было ў калысцы і ў вопратцы. Нованароджаны хлопчык не пацярпеў. Як патлумачыла Вольга Сініцына, усіх пакінутых дзяцей дастаўляюць у Гомельскую дзіцячую клінічную больніцу. Знойдзены хлопчык за дзве гадзіны да здарэння быў выпісаны з гэтай больніцы, дзе яго і апазналі. Хлопчык знаходзіўся ў больніцы пад іншым прозвішчам.“Адрас быў пазначаны наш. Аднак па гэтым адрасе ў паліклініцы дзеці не значыліся. Мы схадзілі, апыталі суседзяў. І пачалі падазраваць, што гэта можа быць тая маці, якую мы шукаем. Вось тут мы сур’ёзна захваляваліся. Зразумела, што ў радзільні яна была без дзяўчынкі”, – узгадвае Вольга Сініцына.

Так пошукі маці падкінутага дзіця прывялі да таго, што было знойдзенае цела забітага немаўля, якое праляжала ў кватэры каля 8 месяцаў. Мясцовыя ўлады пачалі шукаць вінаватых у трагедыі. 14 студзеня ў філіяле №4 дзіцячай паліклінікі распачала працу лячэбна-кантрольная камісія. Вольга Сініцына на гэты момант знаходзілася ў працоўным адпачынку, паколькі рыхтавалася адзначаць дзень народзінаў сваёй дачкі. Загадчыцу паліклінікі выклікаюць з водпуску. Яна выходзіць на працу, каб даць усе тлумачэнні лячэбна-кантрольнай камісіі. “Калі лячэбна-кантрольная камісія скончылася, трэба было рыхтаваць дакументы. Я адпрасілася збегаць дадому пакарміць дачку. Пасля чаго сядзела на працы і друкавала тую частку, што мы выступалі, да 8-й вечара. Рашэння ЛКК яшчэ не было. Можа быць, яго надрукавалі ў дзевяць ці ў дзесяць вечара”, – распавядае Вольга Сініцына. Аднак 19 студзеня загадчыца атрымала загад менавіта ад 14 студзеня, што 22 студзеня яна будзе звольненая па артыкуле Працоўнага кодэксу. “Было пазначана, што звальненне – на падставе рашэння ЛКК і на падставе акта аб адмове, што я не дала тлумачальную. Гэта для мяне ўвогуле вельмі дзіўна, бо я выступала на лячэбна-кантрольнай камісіі. Мне можна было задаць любыя пытанні”, – заўважае Вольга Мікалаеўна.

Яшчэ да таго, як загадчыца дзіцячай паліклінікі атрымала загад аб звальненні, яна спрабавала сысці ў дэкрэтны адпачынак. Сваё рашэнне Вольга Сініцына патлумачыла так:“Усё гэта суправаджалася для мяне вельмі негатыўна. І я сказала, што вытрымаць такога не магу, таму сыйду ў сацыяльны адпачынак па доглядзе за дзіцём. Зранку 15 студзеня я паехала да свайго працадаўцы з заявай на сыход у сацыяльны адпачынак”. Аднак заяву Вользе Мікалаеўне так і не падпісалі.

 Чаму ўсе шышкі павесілі на медыкаў? Бо не абавязаныя ж мядсёстры з лекарамі вадзіць за руку мам, якія не прыходзяць на планавы агляд дзяцей. Вольга Сініцына кажа, што, паводле нарматыўных актаў, парушэнне было ў тым, што заяву на вышук падалі толькі ў міліцыю. У аддзел адукацыі ды камісію па непаўнагадовых паліклініка не звярнулася. “Калі б мы падалі ў тры інстанцыі і знайшлі гэтае дзіця, то нават на падачу заявы, немаўля было ўжо мёртвае. То бок прадухіліць трагедыю мы не маглі”, – разважае Вольга Мікалаеўна. На думку Вольгі Сініцынай, трагічны выпадак паказаў, што дакументы патрабуюць некаторай дапрацоўкі.

Вольга Сініцына:

– Ну вось сітуацыя. Бацькі з’язджаць на заробкі ў Расію. Яны не абавязаныя нам паведамляць, куды яны пераехалі. Колькі разоў нам трэба напісаць у міліцыю? З якім інтэрвалам? Паводле дакументаў, мы павінныя інфармаваць. Мы інфармавалі. Адказу не атрымалі. Колькі нам трэба чакаць адказу? Дзень, два, тыдзень, месяц?

 На дадзены момант звольненая загадчыца філіяла №4 дзіцячай паліклінікі мае чатыры прапановы працы. Аднак Вольга Сініцына пакуль што плануе расціць сваіх дзяцей.

Вельмі цяжка. Крыўдна за лекарскую прафесію. Пакуль я буду беспрацоўнай. Нават калі разгледзець сітуацыю, што мяне ўзновяць, я не змагу адразу выйсці на працу. Мне патрэбны будзе час сацыяльнага адпачынку. Бо жыццё ў сям’і кардынальна змянілася. Да гэтага муж быў у дэкрэтным. Цяпер ён працаўладкаваўся. І будзе непрыгожа падвесці працадаўцу з тым, каб яму зноў пайсці ў дэкрэт, а мне на працу. Таму я буду адзназначна займацца сваёй прамой функцыяй – расціць сваіх дзяцей. Але я сумую за сваім калектывам, – падсумавала Вольга Сініцына.

Акрамя Вольгі Сініцынай працы пазбавіліся намесніца загадчыцы, кіраўнік педыятрычнага аддзялення і старэйшая медсястра аддзялення. Супрацоўнікі паліклінікі і бацькі пацыентаў планавалі звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя, каб загадчыцу вярнулі на месца працы. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на актыўных грамадзян пачалі ціснуць.

Падчас працы ў якасці загадчыцы Вольга Сініцына тры гады вяла школу паспяховага бацькоўства для цяжарных жанчын. Цяпер гэтых заняткаў няма. Паліклініцы і так не хапала трох участковых мядсёстраў і пяці мядсёстраў у дзіцячыя сады. Цяпер установа засталася без кіраўніцтва. Ці выйграў хтосьці ад гэтага?

 Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Гутарку з Вольгай Сініцынай слухайце ў аўдыётрэку