У Гомелі знеслі чарговы ўзор драўлянага дойлідства
У Гомелі зруйнаваны былы купецкі дом пачатку ХХ стагоддзя.
Гістарычны будынак не дачакаўся ахоўнага статуса ад дзяржавы, таму і пайшоў пад знос. Краязнаўца Яўген Меркіс мяркуе, што са знішчэннем адметнага ўзора драўлянага дойлідства Гомель страчвае сваё аблічча.
– Мы не здзівім гомельскім палацам так моцна турыстаў. Бо гэты палац збудаваны ў XVIII ст. у стылі класіцызму, які распаўсюджаны па ўсёй Еўропе. А вось падобных дамоў, як гэты на Валатаўской, 22, прадстаўнік гомельскай драўлянай забудовы з багатым архітэктурным дэкорам – такога няма нідзе.
Рэстаўратар з Веткаўскага музея Андрэй Скідан заўважае, што стан будынка быў здавальняючы. Дзякуючы намаганням грамадскасці ўдалося ўратаваць некаторыя элементы дэкору дома.
– Ліштвы здымалі камунальныя службы гэтым разам, актывісты гэтым не займаліся, толькі печ разбіралі. Пры дапамозе актывістаў, таго ж Яўгена Раманавіча Малікава, удалося нармальным чынам гэтыя ліштвы зняць. Бо супрацоўнікі камунальных службаў, мякка кажучы, не валодаюць методыкай здымання.
Дом на Валатаўской, 22 быў збудаваны ў 1910 годзе на грошы буйнога лесапрамыслоўцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель