У Гомельскай вобласці ў самаізаляцыі знаходзяцца 1.400 чалавек



Як паведамілі БелаПАН у аблвыканкаме са спасылкай на галоўнага санітарнага ўрача вобласці Аляксандра Тарасенку, грамадзяне павінны заставацца дома на працягу 14 дзён, за выключэннем выпадкаў крайняй неабходнасці (наведванне найбліжэйшых харчовай крамы або аптэкі для набыцця неабходных тавараў; вынас бытавых адходаў у найбліжэйшае месца збору адходаў), з выкарыстаннем маскі і недапушчэннем кантактаў з іншымі асобамі. Тыя, хто парушыць гэтыя правілы, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і могуць атрымаць штраф да 50 базавых велічынь.

Кантралююць самаізаляваных міліцыя і санстанцыя.

Як сёння паведамляла гомельская міліцыя, у Брагінскім і Рагачоўскім раёнах выяўленыя факты парушэння самаізаляцыі грамадзянамі, якія вярнуліся з Расеі з заробкаў. Жыхар Брагінскага раёна хадзіў у суседнюю вёску на рынак і ў крамы. Жыхар Рагачоўскага раёна, пабыўшы пяць дзён дома, паехаў у Бабруйск.

Усяго ў вобласці праверачныя мерапрыемствы праводзяцца ў дачыненні да васьмі парушальнікаў рэжыму самаізаляцыі.

belapan.by