У Гомельскай вобласці выяўлена 11 пацверджаных выпадкаў адзёру
Па стане на 28 сакавіка сярод жыхароў Гомельскай вобласці зарэгістравана 11 пацверджаных выпадкаў адзёру.
Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, сярод тых, хто захварэў у Гомелі і Жлобіне, а таксама Гомельскім раёне — 10 дарослых і адно дзіця. Большасць хворых (8 чалавек) не былі прышчэпленыя ці не мелі звестак пра вакцынацыю згодна з узростам.
У арыенціровачныя тэрміны заражэння адзін з тых, хто захварэў, знаходзіўся ва Украіне (Адэская вобласць), дзе рэгістраваліся выпадкі захворвання на адзёр.
Цяпер 10 пацыентаў знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, адзін пацыент выпісаны. Стан тых, хто захварэў, ацэньваецца як лёгкай або сярэдняй ступені цяжару.
Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе грамадзянам улічваць сітуацыю па захворванні на адзёр у сумежных краінах пры планаванні паездак, а таксама нагадвае пра важнасць наяўнасці прафілактычных прышчэпак супраць адзёру. Сцвярджаецца, што ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя маецца ў дастатковай колькасці вакцына для імунізацыі асоб, якія не маюць звестак пра вакцынацыю супраць адру ці не прышчэпленых у адпаведнасці з узростам.
Нагадаем, яшчэ ў канцы лютага ў Гомелі былі праблемы з вакцынай ад адзёру, у выніку чаго не маглі зрабіць прышчэпку дарослыя жыхары абласнога цэнтра, якія планавалі паездкі ва Украіну і іншыя краіны Еўропы, дзе зафіксаваныя ўспышкі хваробы. На сітуацыю скардзіліся БелаПАН жыхары Гомеля.
„Пайшоў у дзіцячую паліклініку, папрасіў прадаць вакцыну або зрабіць прышчэпку. Сказалі, што прэйскуранта няма на такую паслугу. Тэлефанаваў у санстанцыю. Сказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Я гатовы быў заплаціць за вакцыну як замежнік — але сказалі, што няма вакцыны, няма расцэнак”, — распавядаў БелаПАН гамяльчанін.
Тэлефонныя звароты ў філіялы цэнтральнай паліклінікі абласнога цэнтра пацвердзілі — вакцыны для дарослых не было, прынамсі 26 лютага.
Як адзначала ў канцы студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, у Беларусі ў апошнія гады не было ўнутраных выпадкаў захворвання на адзёр, фіксаваліся толькі завозные. „У нас сітуацыя па адры вельмі паспяховая, і распаўсюджвання завозныя выпадкі не атрымліваюць толькі таму, што высокі ўзровень ахопу насельніцтва прышчэпкамі — 98-99%”, — сказала яна і дадала, што дарослыя могуць зрабіць прышчэпку ў любым медцэнтры платна, дзецям вакцынацыя праводзіцца бясплатна.
Фота УНИАН