У Гомельскай вобласці выяўлены першы выпадак каронавіруса
Першы выпадак каронавіруса выяўлены 22 сакавіка ў Гомельскай вобласці, паведаміла намесніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан на прэс-канферэнцыі ў Менску 23 сакавіка.
Паводле яе слоў, 22 сакавіка пацыентку з пнеўманіяй абследавалі на COVID-19. Яна шпіталізаваная, у інтэнсіўнай медыцынскай дапамозе і дапаможнай вентыляцыі лёгкіх не мае патрэбы. У раёне праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, адзначыла намеснік міністра.
У Менску цяпер знаходзіцца найбольшая колькасць грамадзян з дыягнаставанай пнеўманіяй. Асноўны ўзбуджальнік захворвання — вірус грыпу. „Апошнія некалькі дзён назіраецца стабілізацыя ўзроўню захворвання на пнеўманію. На сёння ў нас зарэгістравана 2.743 пнеўманіі, з якіх 77 працякаюць у цяжкай форме. Амаль трэць з іх — грыпозныя, — адзначыла Богдан. — Сярод пацыентаў з каронавірусным узбуджальнікам пнеўманіі адзін чалавек знаходзіцца ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Назіраецца станоўчая дынаміка”.
Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя нагадала, што з 81 пацверджанага выпадку каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі ў 22 чалавек тэсты ўжо адмоўныя. Частка з іх выпісаная з устаноў аховы здароўя, іншая рыхтуецца да выпіскі. Пад медыцынскім наглядам знаходзіцца 59 чалавек. Большасць інфікаваных COVID-19 зарэгістраваная ў Менску (больш за 40) і Віцебску (лічба не названая), у Гародні і Гомелі пацверджана па адным выпадку, у Гомельскай вобласці — адзін.
Богдан паведаміла, што, паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь знаходзіцца на дзявятым месцы па колькасці праведзеных тэстаў на COVID-19 з усіх краін, дзе зарэгістраваная каранавірусная інфекцыя. У найбліжэйшыя дні чакаецца пастаўка з Кітая 1.008 панэляў для пастаноўкі экспрэс-тэстаў на каронавірус.
Забяспечанасць апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх у Беларусі складае 22 на 100 тыс. насельніцтва. „Калі мы падключым наркозна-дыхальныя апараты, то забяспечанасць абсталяваннем для дапаможнай вентыляцыі лёгкіх складзе 38 на 100 тыс. насельніцтва. Для параўнання: у ЗША гэтая лічба складае 18 на 100 тыс. насельніцтва, у Італіі — 8,3, у Вялікабрытаніі — 12,9”, — паведаміла намеснік міністра.
Яна падкрэсліла, што сітуацыя па каронавіруснай інфекцыі ў краіне застаецца кантраляванай.
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан адзначыла, што на каранціне знаходзіцца 1.100 чалавек з кантактаў першага ўзроўню, пад медыцынскім наглядам — 8.800 кантактаў другога ўзроўню. „З агульнай колькасці інфікаваных COVID-19 41 пацыент — гэта завезеныя выпадкі. Прычым толькі ў адным выпадку носьбітам быў іншаземец, — адзначыла Карабан. — Самаму старому пацыенту з каранавірусам 78 гадоў, самаму малому — тры гады, гэта дзіця, якое кантактавала з заражанай маці”.
Карабан таксама пацвердзіла выпадак заражэння аднаго з вучняў сярэдняй школы № 212, з-за якога частку навучэнцаў перавялі на аддаленае навучанне. „У дзіцяці знойдзены каронавірус, ён кантактаваў з заражанай сваячкай. Усе мерапрыемствы ў школе былі праведзены якраз з мэтай прафілактыкі магчымага распаўсюджвання інфекцыі. Звычайна гэтага не адбываецца ў дзіцячых калектывах, дзеці хварэюць у межах 0,9%, і распаўсюджванне ў арганізаваных дзіцячых калектывах мінімальнае”, — сказала прадстаўнік ведамства.