У гомельскіх Курапатах пабудуюць мікрараён?



У Гомелі на месцы пахавання ахвяраў сталінізму могуць пабудаваць цэлы мікрараён. Згодна з генпланам забудовы Гомеля, ухваленым кіраўніком Беларусі ў канцы 2016 года, для будаўніцтва жылля давядзецца высечы некалькі дзясяткаў гектараў Шчакатоўскага лесу. Старажылы і краязнаўцы сцвярджаюць, што менавіта ў гэтым месцы ў 1930-я гады адбываліся масавыя забойствы так званых „ворагаў народа”. Гомельскі гісторык Марыя Булавінская прыводзіць факты, якія сведчаць пра тое, што ў Шчакатоўскім лесе і яго наваколлях могуць знаходзіцца доказы сталінскіх злачынстваў.

– Лес уздоўж Чарнігаўскай шашы – гэта Шчакатоўскі лес. І таксама Бутулінскі лес там знаходзіцца. Былі зафіксаваны пахавальныя ямы на тэрыторыі Бутулінскага лесу. Раскопкі адбываліся ў 1995 годзе. Было прызнана, што гэтыя пахаванні датуюцца 30-мі гадамі.   

Архітэктар Сяргей Ляпін заўважае, што планы на ўзвядзенне мікрараёна на тэрыторыі Шчакатоўскага лесу абумоўлены складанымі горадабудаўнічымі тэндэнцыямі. 

Для развіцця горада памежныя тэрыторыі мала прыдатныя. З аднаго боку, гэта пойма горада, з другога – гэта прамысловыя прадпрыемствы. На поўначы горада тэрыторыі маюць статус высакабальных сельскагаспадарчых земляў. Амаль апошнім напрамкам застаецца поўдзень горада. Праблема ў тым, што статус гэтага месца як месца расстрэлаў у перыяд 30-х гадоў.

Паводле Сяргея Ляпіна, пачатак будоўлі ў гомельскіх Курапатах справакуе канфліктную сітуацыю ў грамадстве.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель