У гомельскіх садках могуць з’явіцца яшчэ 2 беларускамоўныя групы
У гомельскіх дзіцячых садках могуць з’явіцца дзве дадатковыя беларускамоўныя групы. Паводле слоў старшыні Гомельскай гарадской суполкі „Таварыства беларускай мовы” Алесі Аўласевіч, у выніку шматразовых зваротаў і сустрэч з прадстаўнікамі ўлады пытанне з беларускамоўнай адукацыяй можа паступова пачаць вырашацца.
– Дзякуючы нашым размовам, перапіскам у Гомелі адкрыецца яшчэ 2 групы. Раней была адна група ў садку №160. Мы нават баімся казаць гучна пра гэта, бо ўсё так ненадзейна. Чакаем першага верасня, трымаем кулачкі і вельмі спадзяемся, што гэтыя 3 групы будуць.
Гомельскія актывісты „Таварыства беларускай мовы” сабралі і накіравалі ў органы ўлады 500 подпісаў бацькоў, якія выступаюць за беларускамоўнае навучанне сваіх дзетак у дзіцячых садах. Акрамя гэтага, у Інтэрнэце на платформе Change.org таксама размешчана анлайн-петыцыя да старшыні Гомельскага гарвыканкама з просьбай адкрыць сама меней 4 групы ў дзіцячых садках на роднай мове.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота paidagogos.com