У Гомельскім медкаледжы ўвялі працоўную павіннасць за прагулы



Адміністрацыя навучальнай установы ўхваліла „Палажэнне аб адпрацоўцы заняткаў, прапушчаных без паважных прычынаў”. У гэтым дакуменце прадугледжваецца пакаранне за прагулы ў выглядзе прыборкі памяшканняў, за выняткам мыцця вокнаў і туалета. Прадстаўнік Гомельскага цэнтра Стратэгічнай цяжбы Васіль Палякоў называе гэта грубым парушэннем правоў чалавека.

– Прымусовыя работы ў Беларусі забаронены. Забаронены на ўзроўні Канстытуцыі. Нават у Кодэксе аб адміністацыйных правапарушэннях няма такога пакарання як грамадскія працы. Гэтае пакаранне прадугледжана толькі крымінальным кодэксам. Тут яшчэ і маральны аспект. Усё ж такі там працуюць людзі, якія вучаць дзяцей, і мяне здзівіла, што яны не бачаць тут парушэння правоў чалавека. Хоць яно відавочнае.

Прадстаўнікі Гомельскага цэнтра Стратэгічнай цяжбы чакаюць адказу ад профільнага Міністэрства аховы здароўя.

Беларускае Радыё Рацыя