“У госці да цмока”



У Лепелі адбыўся традыцыйны фестываль “У госці да цмока”. Пры актыўнай падтрымцы і ўдзеле мясцовых уладаў фэст год за годам адбываецца ў Лепелі і прыцягвае гасцей з усёй краіны і нават замежжа.

Акрамя майстар-класаў па рамесніцтве, смачнага піва, катання па возеры, фэст зноў парадаваў насычанай музычнай праграмай. Сёлета адным з адкрыццяў музычнай праграмы фэсту стаў гурт “Тутэйшыя”, пакуль яшчэ мала вядомы публіцы.

Некалькі слоў пра калектыў сказала салістка гурту Таццяна Казановіч:

– У 2014 годзе толькі пачалі збірацца, і гэта былі нават іншыя людзі, не гэты склад менавіта. Што тычыцца стылю, то мы дагэтуль у пошуках яго. Звычайна мы выступаем раз на месяц, але зараз мы скіроўваемся на запіс і скарачаем колькасць выступленняў. Будзе 25-га выступленне на Нямізе, на плошчы Свабоды. Мы ўдзельнічаем у Заспявай.BY” і нашым куратарам з’яўляецца Сяржук Доўгушаў. Менавіта ён арганізатар і запрасіў нас паўдзельнічаць. Вельмі прыгожая мясціна, вельмі простыя людзі.

А вось гурт “Рокаш” даўно знаёмы беларусам. Тэматыка песень гурта грунтуецца на беларускай міфалогіі, а лепельскі цмок якраз і ёсць яе часткай. Музыкі выступалі на ўсіх чатырох фэстах, якія адбыліся на дадзены момант. І ёсць з чым параўноўваць.

Гаворыць лідар гурта “Рокаш” Лявон Казакоў:

У лепельскага фэсту заўжды ёсць уласны твар і свае эмоцыі. Гэты фэст адназначна мацнейшы за папярэдні. З Украіны прыехаў гурт «TaRuta». Вельмі спадабаўся ўзровень якасці гуку на гэтым фестывалі. Гукарэжысёры выдатна папрацавалі. Фестываль становіцца традыцыяй, а ў Беларусі, на жаль, малавата традыцый фестывальнага руху. Цягам апошніх гадоў яны зяўляюцца і, спадзяюся, будуць працягвацца.

Акрамя “Тутэйшых” і “Рокаша”, на фестывалі “Лепельскага цмока” выступалі “Варган”, “Лепшы квас”, Зміцер Вайцюшкевіч, “Малала”, Патрыцыя-Гарэза, Нarmonic Style Project, дуэт “Агата”, “Палац” і госці з Украіны гурт “TaRuta”.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Лепель