У грамадстве расце цікавасць да нацыянальнага



Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка адзначае павышэнне ў грамадстве цікавасці да ўсяго нацыянальнага, але канстатуе, што сітуацыя з беларускамоўнымі школамі ў краіне жадае заставацца лепшай.

Алесь Лозка: На сёняшні момант па краіне на беларускай мове школаў 50,3 адсоткі, на рускай – 49,5. Але навучаецца на рускай мове 85,4 адсоткі школьнікаў, а на роднай – толькі 14,5. Ёсць у нас таксама дзве літоўскія і дзве польскія школы. Як бачым, лічбы не на карысць матчынай мовы. І асаблівых зменаў у гэтым накірунку няма. Праўда, сярод прадметаў з’явілася вывучэнне сусветнай айчыннай культуры, хоць нават не ведаю, ці можна гэта назваць перамогай. Абяцаюць вывучэнне на мове гісторыі і геаграфіі, але ўсё гэта пакуль так і застаецца на ўзроўні абяцанняў.

РР: Ці змяншаецца колькасць беларускамоўных школаў?

Алесь Лозка: Так, безумоўна. І школаў становіцца менш, і школьнікаў, якія вывучаюць родную мову.

РР: Чыноўнікі кажуць, што ў гэтым пытанні бацькам не трэба наракаць на дзяржаву, а лепш самім рабіць усё, каб іх дзіця ведала беларускую мову. Вы з гэтым згодны?

Алесь Лозка: У пэўнай ступені – так, але ж мы не ў космасе жывём, а ў гэтай самай дзяржаве. Я наогул не разумею, чаму беларусы ў сваёй краіне павінны прыкладваць нейкія намаганні, каб іх дзеці навучаліся на роднай мове? Гэтыя намаганні павінна прыкладваць менавіта дзяржава. А ў нас прыярытэты растаўлены зусім па-іншаму, бо дзяржаўная палітыка зусім не скіравана на тое, каб усё больш пашыраць навучанне на мове.

РР: Аднак бачна, што зараз з’явіўся нейкі нацыянальны ўздым у грамадстве. Адкрываюцца курсы беларускай мовы, людзі гэтым актыўна цікавяцца…

Алесь Лозка: Я б сказаў, што ў грамадстве насамрэч павышаецца цікавасць да нацыянальнага. Такая тэндэнцыя ёсць, і яна пачалася нават не ў гэтым годзе, а яшчэ раней. Расце цікавасць да нацыянальных сімвалаў, народ ходзіць у вышыванках, нават некаторыя банкі праводзяць карпаратывы ў нацыянальным аздабленні. І гэта проста цудоўна! Гэта дае нам веру, што не ўсё яшчэ згублена.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя