У Грузіі адмянілі выпускныя экзамены



Парламент Грузіі 8 красавіка зацвердзіў у трэцім чытанні заканадаўчую ініцыятыву ўраду пра адмену выпускных экзаменаў у школах для вучняў 11-ых і 12-ых класаў.

У грузінскіх школах вучацца 12 класаў, выпускныя экзамены раней праходзілі за два этапы – у 11 і 12 класе.

Адмену іспытаў падтрымалі 80 дэпутатаў, іншыя 8 прагаласавалі супраць, паведаміў віцэ-спікер парламенту Грузіі Георгі Вольскі.

Прэм’ер-міністр Грузіі Мамука Бахтадзэ заявіў, што з 2019 года выпускныя экзамены ўжо праводзіцца не будуць.

Цяпер для атрымання атэстата сталасці школьнікам патрэбна будзе па ўсіх прадметах мець адзнакі вышэй 5 балаў па 10-бальнай сістэме.

У міністэрстве адукацыі Грузіі заявілі, што цяпер замест экзаменацыйных працэдур больш увагі будзе надавацца ўласна навучальнаму працэсу.

Беларускае Радыё Рацыя