У інтэрнэце пачалі гандляваць пропускамі ў бязвізавую Гародню



З пачатку снежня ў інтэрнэце пачаў працу сэрвіс анлайн продажу пропускаў для замежнікаў для ўезду на тэрыторыю парка „Аўгустоўскі канал”, у склад якога ўключана і Гародня.

Гародня

Новы сэрвіс прапаноўвае турысту без лішніх складнасцей за пару хвілін атрымаць свой пропуск на электронную пошту. Дастаткова толькі запоўніць кантактныя дадзеныя і аплаціць паслугу, якая абыдзецца кожнаму заяўніку ў суму ад 10 да 12 еўра, у залежнасці ад колькасці турыстаў у заяўцы. Мяркуючы па ўказаных кантактных звестках, ініцыятыва стварэння такога простага сэрвісу для літоўцаў і палякаў належыць польскай кампаніі.

Афіцыйна з беларускага боку права выдаваць бязвізавыя пропускі маюць 68 беларускіх турыстычных кампаній.

Паслугі рэалізуюцца пад лозунгам „Менш бюракратыі, больш Гародні!” Варта аддаць належнае палякам, іх праект больш лаканічны, зразумелы і зручны, чым распрацаваны гарадзенцамі рэсурс grodnovisafree.by.

Таму, хто плануе бязвізавую паездку ў Гарадзенскі раён не спатрэбяцца доўгія ліставанні з беларускімі турфірмамі ці яшчэ горш дарагія тэлефонныя званкі за мяжу, так рэкламуюць сэрвіс на euroby.info.