У інтэрнэце збіраюць подпісы за мультфільмы на беларускай мове



Бацькі і дзеці збіраюць подпісы пад петыцыяй за пераклад мультфільмаў у „Калыханцы” на беларускую мову. Тэкст петыцыі:

Праграма „Калыханка”, якая выходзіць штодня на тэлеканале “Беларусь-3”, існуе як беларускамоўная ад пачатку. Праграма мае беларускамоўных вядучых, аднак мультфільмы дэманструюцца на расейскай мове, што робіць праграму непрыдатнай ані для беларускамоўнай, ані для расейскамоўнай аўдыторыі.

Беларускамоўныя бацькі і дзеці хочуць глядзець “Калыханку” па-беларуску цалкам.

Расейскамоўныя бацькі і дзеці, калі яны мэтанакіравана абіраюць беларускамоўную праграму для знаёмства з беларускай мовай, таксама хацелі б чуць яе ад пачатку і да канца праграмы.

А расейскамоўныя бацькі і дзеці, якія хочуць глядзець дзіцячыя праграмы па-расейску, маюць для гэтага шмат магчымасцяў: такія праграмы (і нават цэлыя каналы) існуюць і на тэлебачанні, і ў кабельных сетках, і ў інтэрнэце.

“Калыханка” – адна з нешматлікіх беларускамоўных праграм на беларускім тэлебачанні на сённяшні дзень, і яна мае быць такой цалкам, а не часткова.

Напрыклад, за перыяд з 1 па 30 чэрвеня 2018 года ў “Калыханцы” мультфільмы на расейскай мове дэманстраваліся 30 (трыццаць) разоў, а мультфільмы на беларускай мове 0 (ноль) разоў (гл. поўны спіс ніжэй). 

З паказаных мультфільмаў толькі 1 быў створаны ў Беларусі (9 чэрвеня).

Патрабуем:

1) неадкладна забяспечыць агучванне ці дубляж на беларускую мову усіх без выключэння мультфільмаў, якія дэманструюцца ў праграме „Калыханка”.

2) патлумачыць, якім чынам адбываецца выбар мультфільмаў, якія дэманструюцца ў “Калыханцы”, і назваць адказных за выбар асоб.

3) патлумачыць, чаму сярод паказаных мультфільмаў амаль цалкам адсутнічаюць мультфільмы, створаныя ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя