У Іране разбіўся ўкраінскі пасажырскі самалёт



Міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка паведаміў, што ахвярамі авіякатастрофы сталі 82 іранцы, 63 канадцы, 11 грамадзян Украіны, 10 шведаў, 4 афганцаў, трое немцаў і трое ангельцаў.

***

На борце ўкраінскага самалёту, які разбіўся ў Іране, знаходзілася 179 чалавек. Такую лічбу агучыў кіраўнік Упраўлення надзвычайных сітуацый Ісламскай Рэспублікі, перадаюць міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы.

Паводле яго слоў, у выніку катастрофы загінулі 147 грамадзян Ірана і 32 іншаземцы. Сярод іх 11 украінцаў. Грамадзянаў Беларусі ў гэтым самалёце не было.

Адначасна з гэтым Рада па нацыянальнай бяспецы і абароне Украіны сцвярджае, што ёсць інфармацыя, што загінула 167 пасажыраў, якія прайшлі рэгістрацыю і 9 членаў экіпажу (разам 176 чалавек).

Самалёт рухнуў адразу пасля вылету з аэрапорту Тэгерана 8 студзеня. Гэта быў рэйс PS 752 Тэгеран — Кіеў.

На дадзены момант версія тэракта выключаецца. Мяркуецца, што лайнер разбіўся ў выніку аварыі рухавіка па тэхнічных прычынах.

Ведама таксама, што ўжо знойдзены чорныя скрынкі самалёту.

Па факце катастрофы самалёта ва Ўкраіне пачата крымінальная справа.

Партрэты ўдзельнікаў экіпажа ўкраінскага самалёту ў аэрапорце „Барысполь”.

 Беларускае Радыё Рацыя