У Іванаўскім раёне кіроўцу забіла провадам ЛЭП
Следчыя ўстанаўліваюць абставіны гібелі кіроўцы грузавіка ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк, 17 лістапада 30-гадовы жыхар Іванаўскага раёна пры выездзе на аўтамабілі „ГАЗ-53” з ляснога масіву ў напрамку аграгарадка Моталь зачапіўся пярэдняй часткай кабіны грузавіка за абвіслы провад лініі электраперадачы.
У выніку кіроўцу былі нанесены цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр на месцы.
Устаноўлена, што ў гэты час на гэтым участку праводзіліся работы па ліквідацыі недахопаў у лініі электраперадачы. На момант здарэння провад быў абясточаны.
Іванаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да начальніка ўчастка філіяла абслуговай арганізацыі распачата справа па ч. 2 арт. 303 КК (парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).